Эксперт: Пачалася хваля прымянення антыэкстрэмісцкага заканадаўства



Часта дзяржава выкарыстоўвае нормы антыэкстрэмісцкага заканадаўства, каб замаскаваць сапраўдныя прычыны пераследу нейкага чалавека або групы людзей, заявіла 4 чэрвеня ў Менску на канферэнцыі „Супрацьдзеянне экстрэмізму і правы чалавека” міжнародны эксперт і праваабаронца Саша Кулаева.

Паводле яе слоў, у Беларусі пачалася хваля масавага прымянення антыэкстрэмісцкага заканадаўства, „хоць доўгі час [улады] абыходзіліся іншымі артыкуламі”. Эксперт адзначыла, што такія хвалі ўзнікалі ў многіх краінах у розны час, прычым часам яны з’яўляліся ў выніку падобнай актыўнасці ў суседніх краінах.

„Ад праваабаронцаў з розных краін, дзе былі такія хвалі, вельмі часта даводзілася чуць, што пераследуюць, напрыклад, „Хізб ут-Тахрыр”(міжнародная панісламісцкая палітычная партыя, якую ў шэрагу краін Еўропы, Азіі, Блізкага Усходу забараняюць, расцэньваючы як звышрадыкальную, экстрэмісцкую, тэрарыстычную. — БелаПАН.), але трэба ж прызнаць, што яны яўрэяў не любяць, — сказала Кулаева. — Сапраўды, не любяць, пішуць гэта і кажуць паўсюдна, гэта праўда. Але пераследуюць іх не за гэта, прыцягваюць да адказнасці іх не на гэтым прынцыпе. Потым прыходзіш у іншую цалкам праваабарончую тусоўку, а яны кажуць, маўляў, так, нацыстаў трэба гасіць за экстрэмізм і гэтак далей. Але трэба сказаць, што і антыфашысты, і анархісты таксама недалёка пайшлі. Пачынаюць высвятляць, чаму да адных трэба прымяняць [антыэкстрэмісцкае заканадаўства] , а да іншых, увогуле, насамрэч не так ужо і дрэнна б, і нават, магчыма, трэба. Потым табе тлумачаць, што ў Расіі ніколі не будуць пераследаваць, напрыклад, сведак Іегавы або проста тых, хто кажа, што свет ёсць любоў. Пасля гэтага — бац, і сведак Іегавы таксама хапаюць”.

На думку эксперта, грамадству трэба тлумачыць, што „няма групы, якую можна дыскрымінаваць, а нейкую іншую — не”, бо законы па барацьбе з экстрэмізмам „на справе прымяняльныя да таго, да каго ўлада вырашыць іх прымяніць у нейкай канкрэтнай сітуацыі”. „Усё гэта адгукаецца па чарзе ўсім групам нязгодных. Гэта вельмі добра паказана на практыцы краін, у якіх гэта прайшло ўжо 10 гадоў таму. Раней у Расіі казалі, што гэта занадта абсурдна і не будзе прымяняцца, а цяпер ужо так не гавораць. Тое ж самае прыходзіць і ў тыя краіны, у якіх гэтыя артыкулы толькі пачынаюць прымяняцца. Здаецца, што, маўляў, так далёка ўлады не зойдуць, каб праваабарону прызнаць экстрэмізмам. Цалкам магчыма, што калі-небудзь і зойдуць”, — адзначыла Кулаева.

Яна лічыць, што шырокай публіцы трэба даводзіць: існаванне антыэкстрэмісцкіх артыкулаў і тое, якім чынам яны цяпер прымяняюцца, — гэта „меч, які вісіць над галовамі ўсіх”. Калі гэтага не рабіць, пачынаецца „выбарачная абарона адных людзей, але не іншых”.

„Таму важная размова аб неправамернасці прымянення антыэкстрэмісцкага заканадаўства безадносна, падабаюцца нам погляды таго чалавека, якога мы абараняем, ці не. Нават калі ён, як „Хізб ут-Тахрыр”, прапаведуе цалкам антысеміцкія або іншыя расісцкія погляды, то пра гэта і трэба казаць, а не пра нейкі туманны антыэкстрэмізм, які зусім не пра гэта”, — растлумачыла эксперт.

Згодна са звесткамі ліквідаванага ўладамі праваабарончага цэнтра „Вясна”, у Беларусі з пачатку 2014 года па май 2019-га зафіксаваны 31 выпадак, калі ў дачыненні да грамадзян складалі пратаколы паводле артыкула 17.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў. Дваццаць адміністрацыйных спраў былі распачатыя на працягу апошняга каляндарнага года.

У 2014—2017 гадах адкрытыя на падставе гэтага артыкула адміністрацыйныя справы ў асноўным былі звязаныя з распаўсюджваннем друкаваных матэрыялаў — улётак, літаратуры, якія змяшчалі „экстрэмісцкі” тэкст або спасылкі на забароненыя рэсурсы. Пратаколы складалі пераважна ў дачыненні да актывістаў анархісцкага руху.

belapan.by

Фота RFI