Эксперт: Пуцін і Лукашэнка паказалі сваё адзінства



Абстаноўка нагняталася, але сустрэча – стандартная, кажа палітолаг пра перамовы Пуціна і Лукашэнкі ў Маскве. Напярэдадні кожнай такой сустрэчы ў беларускім грамадстве паўстае пытанне, ці не абмяркоўваецца паглынанне Беларусі ў рамках саюзнай дзяржавы? Лукашэнка і Пуцін не абмяркоўвалі пытанні аб’яднання Беларусі і Расеі. Пра гэта паведаміў журналістам прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў, – піша ТАСС.

Як кажа палітолаг Андрэй Казакевіч, для расейскага рэжыму зараз не час, каб ціснуць на Беларусь, бо ўзнікнуць дадатковыя пытанні, як у міжнароднай супольнасці, так і ўнутры краіны. Адзіны вынік гэтай сустрэчы, як вызначае палітолаг Андрэй Казакевіч – кіраўнікі дзяржаў паказалі сваё адзінства:

– Гэта і для Пуціна, і для Лукашэнкі падчас сутрэчы было важна паказаць  знешнепалітычны момант ва ўзаемаадносінах, таму што зараз назіраем пагаршэнне стасункаў з Захадам і Беларусі, і Расеі. Для Лукашэнкі было важна паказаць, што яго падтрымлівае Масква. Для Пуціна – паказаць, што ён кантралюе сітуацыю ў Беларусі, што ён зрабіў падчас выступу перад Федэральным сходам і яшчэ больш замацаваў  гэтай сустрэчай.

Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў паведаміў, што бакі абмяркоўвалі «галоўным чынам прамысловую кааперацыю, супрацу ў сферы энергетыкі і медыцыны, узаемадзеянне ў высокатэхналагічных галінах». Іншыя падрабязнасці перамоваў, апроч пратакольнай часткі, не паведамляюцца.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя