Эксперт: Статус візіту Вашчыкоўскага дагэтуль не вызначаны
Паводле паведамленняў СМІ, кіраўнік польскай дыпламатыі Вітальд Вашчыкоўскі сустрэнецца са сваім беларускім калегам Уладзімірам Макеем і нават з кіраўніком краіны Аляксандрам Лукашэнкам.
Візіт выклікае вялікую зацікаўленасць, але да гэтай пары невядома, які статус гэтага візіту.
Каментуе палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:
– Што тычыцца сустрэчы з Лукашэнкам, тут могуць быць складанасці. Асабліва ў сувязі з тым, што Вашчыкоўскі ў Варшаве ўжо сустрэўся з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі. Калі б гэта пасля сустрэчы з Лукашэнкам было – іншая справа. І тое, што Вашчыкоўскі хоча наведаць Ваўкавыск – горад, дзе нарадзілася ягоная маці, не вельмі выглядае на афіцыйны візіт. Хачу дадаць, што з’яўлення Вашчыкоўскага лагічна чакаць і ў Курапатах. Калі ён там з’явіцца, то цікава, хто будзе яго суправаджаць з беларускага боку. Бо нават Макей ніколі, як міністр, не быў у Курапатах, я ўжо не кажу пра Лукашэнку.
Статус гэтага візіту дагэтуль не вызначаны, але я сабе ўжо дазволіў такі жарт: прыём з нагоды візіту будзе праходзіць у гатэлі “Вікторыя Алімп” побач Драздоў, але аж на 15 паверсе! Гэта гаворыць пра многае.
РР: Якія мэты гэтага візіту?
Раман Якаўлеўскі: Я лічу, што галоўная мэта візіту тычыцца галоўнай праблемы двухбаковых адносін – польскай меншасці ў Беларусі.
А яшчэ я б хацеў нагадаць, што казаў Вашчыкоўскі ўжо ў рангу міністра, а менавіта, што Праграма Усходняга партнёрства пацярпела катастрофу.
Пакуль не паведамлялася, калі пачнецца візіт міністра замежных спраў Польшчы – 21 ці 22 сакавіка. Чакаецца, што ён сустрэнецца з прадстаўнікамі польскай меншасьці ў Беларусі – у Менску і ў Гародні.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота zn.ua