Эксперт: Сунак стаіць перад задачай, якую, як падаецца, немагчыма вырашыць
У Вялікабрытаніі — новы прэм’ер. Ім стане Рышы Сунак. Пра гэта стала вядома пасля таго, як яго апанентка Пэні Мордант зняла сваю кандыдатуру з галасавання, раней таксама Борыс Джонсан адмовіўся вылучаць сваю кандыдатуру, зразумеўшы, што не мае падтрымкі большасці чальцоў Кансерватыўнай партыі. Гэта першы выпадак, калі брытанскі ўрад ачоліць чалавек з індыйскімі каранямі. Ён прыходзіць на змену Ліз Трас, якая на пасадзе пратрымалася толькі 44 дні.
У нашым эфіры задачы новага брытанскага прэм’ера акрэсліў гісторык і палітолаг Аляксандр Фрыдман:
-Сунак будзе рабіць тое, у чым у яго ёсць сапраўды ёсць вельмі добрая кампетэнцыя – гэта фінансы, гэта эканоміка. Ён будзе займацца гэтымі пытаннямі. Цікава будзе паглядзець, ці атрымаецца ў Сунака сапраўды выправіць сітуацыю. Сёння ён стаіць перад задачай, якую, як падаецца, немагчыма ўжо вырашыць. Сітуацыю стабілізаваць – так, але тут жа ён усё ж такі і палітык. Яго задача яшчэ і ў тым, каб Кансерватыўная партыя на наступных выбарах перамагла.
Галоўнае для брытанскіх кансерватараў зараз выйсці з палітычнага крызісу, які можа прывесці да паразы на выбарах. Цяпер новага прэм’ера мае прыняць кароль Карл ІІІ, які фармальна прызначыць яму місію фарміравання ўраду. Мяркуецца, што аўдыенцыя ў караля адбудзецца ўжо заўтра (25.10.2022).
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя