Эксперт: У беларуска-венесуэльскай супрацы няма перспектыў
Беларусь і Венесуэла павінны зрабіць рашучы крок наперад. Падчас афіцыйнага візіту Прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадуры ў Менск Аляксандр Лукашэнка адзначыў неабходнасць узнаеўлення эканамічнага супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі.
Беларуска-венесуэльскае эканамічнае супрацоўніцтва, фундамент якому быў закладзены падчас венесуэльскага прэзідэнта Уга Чавеса, сёння знаходзіцца ў крызісным стане, кажа палітолаг Валерый Карбалевіч.
– Гандаль паміж Беларуссю і Венесуэлай складаецца ў асноўным з беларускага экспарту ў Венесуэлу. У Венесуэлы Беларусі практычна няма чаго купляць. Беларусь гатовая пастаўляць туды прадукцыю. Праблема ў тым, шо Венесуэле няма чым плаціць. Яна ў цяжкім эканамічным і палітычным крызісе. І паколькі няма чым плаціць, то я і не бачу нейкіх перспектываў.
Са словаў Валерыя Карбалевіча, уся праблема беларуска-венесуэльскіх дачыненняў ад пачатку будавалася не на эканамічнай мэтазгоднасці, а на палітычнай глебе і асабістых сімпатыях паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Уга Чавесам. Цяпер жа ўсе пабудаваныя ў Венесуэле заводы і распачатыя праекты знаходзяцца фактычна ў замарожаным стане.
Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота БелТА
