Эксперт: У энергетычнай вайне з Расеяй Беларусь пацерпіць паразу
Эканамічны аглядальнік Леанід Злотнікаў лічыць, што ў энергетычнай вайне з Расеяй Беларусь пацерпіць паразу, бо мае іншую вагавую катэгорыю. А ўсе пагрозы па выхадзе Беларусі з Еўразійскага эканамічнага звязу, якія сыходзяць ад Аляксандра Лукашэнкі, яго расейскі калега Уладзімір Пуцін усур’ёз не ўспрымае, кажа эканаміст:
– Расея можа адказаць, як калісьці пісаў Суздальцаў: „Ну добра, жывіце самі. Выходзьце з ЕўрАзЭС. Не хочаце выконваць умовы – ідзіце”. Я не думаю, што Беларусь пайшла кудысьці на Захад, каб Захад ёй стаў дапамагаць. Таму ў выніку ў Беларусі няма выйгрышнай пазіцыі. Пуцін элементарна можа пайсці, як ён пайшоў на антысанкцыі з Захадам, здавалася б у страту сабе, але нейкія прынцыпы праводзячы ў жыццё. Таму вялікіх перспектыў у Лукашэнкі няма. Ён думае, што Расея будзе вельмі даражыць сяброўствам Беларусі ў Еўразэс.
Беларусь па-ранейшаму не можа дамовіцца з Расеяй па коштах на газ, хоць ад гэтага наўпрост залежыць дабрабыт беларускай эканомікі і выкананне бюджэту на наступны год. Расея ж, аслабленая канфрантацыяй з Захадам і вайсковымі канфліктамі, усё з большым скрыпам вылучае Беларусі фінансавую падтрымку.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота svaboda.org