Эксперт: У Крамлі лічаць, што альтэрнатывы Лукашэнку няма



Нягледзячы на цяперашнюю напружанасць у беларуска-расейскіх адносінах, бакі асуджаныя памірыцца, заявіў першы намеснік генеральнага дырэктара Цэнтра палітычных тэхналогій (Масква) Аляксей Макаркін у каментары парталу „Газета.ру”, які ўвечары 5 жніўня размясціў аналітычны артыкул „Вакол ворагі: чаму Лукашэнка адвярнуўся ад Расеі”.

„У Крамлі, падобна, лічаць, што альтэрнатывы Лукашэнку няма. Апазіцыя арыентаваная на Захад, так што ўжо лепш застанецца свавольны, але свой, прарасейскі кандыдат”, — сказаў Макаркін.

На яго думку, нічога экстраардынарнага ва ўзаемаадносінах Масквы і Менска пакуль не адбываецца, тым не менш расейскаму боку, мяркуючы па ўсім, пачынае надакучваць усё больш частае франдзіраванне беларускага партнёра. Масква не можа дараваць Менску таго, што ён не прызнаў незалежнасць Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, далучэнне Крыма да Расеі, павелічэнне аб’ёму гандлю з Еўразвязам і Украінай. „Стала вядома, што Масква накіроўвае паслом у Менск Міхаіла Бабіча, паўнамоцнага прадстаўніка прэзідэнта ў Прыволжскай федэральнай акрузе. Ён з „сілавікоў”. А цяперашні пасол РФ Аляксандр Сурыкаў лічыцца мяккацелым, які падыгрывае беларускаму лідару”, — заявіў Макаркін.

Палітолаг, вядомы ў мінулым беларускі тэлевядучы-прапагандыст Аляксандр Зімоўскі лічыць, што Лукашэнка проста „ў сваім рэпертуары” і захоплены „павышэннем ставак перад чарговым гандлем”. Прадмет гандлю — перш за ўсё будучыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі.

У артыкуле „Газеты.ру” аналізуюцца апошнія заявы Аляксандра Лукашэнкі аб небяспецы залежнасці ад імпарту харчавання і расейскіх пагранічніках на мяжы з Беларуссю, апісваецца сітуацыя вакол паставак з Беларусі ў РФ санкцыйных прадукцыі і „падатковага манеўру” Расеі пры пастаўках нафты.

belapan.by