Эксперт: Удар ЗША па Сірыі мае адмоўныя перспектывы і для Беларусі



Ракетны ўдар ЗША па аэрадроме ўрадавых войскаў Сірыі, якія былі абвінавачаныя ў выкарыстанні хімічнай зброі супраць мірнага насельніцтва краіны, мае адмоўныя перспектывы і для Беларусі, – лічыць палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі.

Відавочна, што Масква зараз цалкам страчвае ілюзію, што з адміністрацыяй Дональда Трампа можа заключыць вялікую здзелку, як гэта марылася ў Крамлі нейкі час таму, – нагадвае Аляксандр Класкоўскі. Але замест гэтага Трамп, ударыўшы па Сірыі, моцна ўдарыў і па амбіцыях Пуціна:

– Масква вельмі эмацыйна, абурана рэагуе. І ў тым выпадку, калі пойдзе эскалацыя гэтага канфлікту і ён перарасце ў вельмі жорсткае супрацьстаянне паміж Масквой і Вашынгтонам, а значыць паміж Масквой і НАТА, то Беларусі цяжка будзе датрымаць цяперашнюю адносную нейтральнасць, цяжэй будзе балансаваць на міжнароднай арэне.

Бо тады Масква запатрабуе ад Аляксандра Лукашэнкі выканання ролі найбліжэйшага хаўрусніка, якая заключаецца ў тым, каб служыць Маскве вайскова-стратэгічным плацдармам. Таму эскалацыя напружанасці абсалютна недарэчы для Беларусі. Канешне, на гэтым фоне можна атрымаць невялікія дадатковыя эканамічныя прэферэцыі, але пераважае ўсё ж негатыў. Таму што інтарэсам Беларусі адпавядае менавіта шматвектарнасць замежнай палітыкі. А ўцягвацца ў арбіту імперскіх амбіцый Масквы – супярэчыць нацыянальным інтарэсам нашай краіны, -лічыць Аляксандр Класкоўскі.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя