Эксперт: Указ №78 нагадвае дакументы часоў Мао Цзэдуна



Беларускія ўлады прынялі указ №78 у мэтах прапаганды, мяркуе эканаміст Леанід Заіка. 23 лютага Аляксандра Лукашэнкі падпісаў указ, які мае забяспечыць прыбытковасьць працы прадпрыемстваў, знізіць сабекошт прадукцыі не менш як на 25%, развіваць сумленную канкурэнцыю на ўнутраным рынку, нарасціць і дыверсіфікаваць экспарт, золатавалютныя рэзервы да эканамічна бяспечнага ўзроўню, забяспечыць рацыянальнае імпартазамяшчэнне.

Леанід Заіка згадвае, што падобныя дакументы прымаліся некалькімі дзесяцігоддзямі раней у іншых краінах і сістэмах:

– Я яго ўважліва прачытаў, але не знайшоў там канцэптуальна дастаткова важных элементаў. З пункту гледжання рэалізацыі такога дакумента патрэбная новая каманда. Такіх дакументаў я бачыў вельмі шмат, але за 20 гадоў нічога рэалнага так і не было рэалізавана. Мне гэта чымсьці нагадвае дакументы Кітайскай кампартыі часоў Мао Цзэдуна, калі яны паскорана будавалі камунізм. Я не думаю, што гэты дакумент будзе практычным з пункту гледжання яго рэалізацыі. Гэта патрабуе іншай сістэмы эканомікі і іншых тэхналагічных і тэхнічных элементаў.

РР: Вялікія чаканні былі звязаныя з візітам еўрапейскіх чыноўнікаў у Менск. Чакалася, што будуць прымацца нейкія эканамічныя рашэнні, але пакуль – маўчанне.

Леанід Заіка: Прадстаўнікі ЕЗ дастаткова кампетэнтныя людзі і ведаюць гісторыю беларускай эканамічнай палітыкі. Відавочна, мэта гэтага візіту – інфармацыйная, я б нават сказаў – выведвальна-палітычная, каб зразумець, што адбываецца і ўпэўніцца ў стане інтэлектуальнага асэнсавання сітуацыі. Ніякіх канкрэтных прапановаў тут быць не можа. Акрамя гэтага, ніякай эканамічнай падтрымкі Еўразвяза не будзе дастаткова, бо Беларусь субсідзіруецца Расеяй на ўзроўні прыкладна 10 млрд даляраў у год. Гэтая сітуацыя абмяжоўвае і дзеянні Лукашэнкі. Ён не можа стаць прыхільнікам еўрапейскай эканамічнай палітыкі. Усе разумеюць, што Беларусь не самастойная ў сваім выбары.

РР: Канец лютага называўся тэрмінам, калі можа быць прынятае рашэнне наконт крэдыта МВФ. А рашэння пакуль няма…

Леанід Заіка: Я сустракаўся з прадстаўніком МВФ, які быў у Менску. Ён выдатны эканаміст і сітуацыю добра разумее. Выдзяляць зараз крэдыты Беларусі, пры наяўнасці агульнай сумарнай запазычанасці ў 40 млрд – гэта не самая добрая справа. Што тычыцца мэтавых крэдытаў, то тут прадстаўнікі МВФ добра разумеюць, што гэта працэс пагашэння крэдытаў, і грошы патрэбныя толькі для таго, каб разлічыцца, і ніякай рэальнай прагрэсіўнай эканамічнай палітыкі, рэальных зменаў у бок эфектыўнай эканомікі  зараз не можа быць прынята.

Таму указ №78 – гэта інфармацыйна-прапагандысцкі дакумент. Ён зараз патрэбны ўладзе, каб крышку змяніць агульны выгляд у лепшы бок.  

У сваю чаргу Леанід Заіка заўважае, што гэты дакумент улады могуць выкарыстаць у ідэалагічных мэтах, каб паказаць, што спрабуюць перамагчы эканамічны крызіс. Без глыбокіх рэформаў гэта немагчыма, канстатуе беларускі эканаміст.

Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя

Фота АР