Эксперт: беларусы надалей хочуць «бацьку», але трохі лепшага
За Аляксандра Лукашэнку гатовыя прагаласаваць толькі 27% беларусаў. Такія вынікі агучвае Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД), зарэгістраваны ў Вільні, пасля свайго сакавіцкага агульнанацыянальнага апытання.
Аднак, беларусы надалей хочуць «бацьку», але трошкі лепшага. Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі адрэагаваў на апошнія незалежныя сацыялагічныя даследаванні.
Калі ў сакавіку 2006 году большасць выказвалася за захаванне існага эканамічнага стану, а 38% прагнула яго змены, то цяпер прапорцыі змяніліся да наадварот. Аглядальнік раіць больш уважліва прыглядзецца да гэтых лічбаў:
– Тут усё не так проста. Некаторыя апазіцыянеры таксама любяць казыраць, маўляў, глядзіце, дзве траціны беларусаў за перамены. Але калі глыбей аналізаваць тыя ж даследаванні НІСЭПД, там ёсць больш тонкая раскладка. І высвятляецца, што гэтыя перамены, якіх хочуць беларусы, у значнай ступені ёсць проста жаданнем каб з’явіўся нейкі лепшы „бацька”, бо гэты ўжо „спёкся”. Але ўсё адно, у аснове гэтых чаканняў ляжыць патэрналізм.
«А гэта – калі дзяржава бярэ на сябе адказнасць за вырашэнне важных пытанняў сацыяльнага жыцця,» – падкрэслівае Аляксандр Класкоўскі.
Натуральна, што вынікі гэтага сацыялагічнага даследавання будуць заўважаны ў адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі ды і самім кіраўніком дзяржавы, – адзначыў у нашым эфіры палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі, – бо там таксама хочуць ведаць рэальны стан справаў.
– Што тычыцца незалежных сацыёлагаў – іх б’юць, але не дабіваюць, глядзяць скрозь пальцы. Бо ўладзе таксама патрэбны гэты замер тэмпературы ў грамадстве. Плюс Аляксандар Лукашэнка папуліст. Ён прыйшоў якраз на хвалі дэмагогіі, таго, што ён – народны абаронца. Натуральна, што за два дзесяцігоддзі сваёй ўлады ён адшліфаваў гэты рэжым, гэты механізм дасягнення “элегантнага” выніку на выбарах.
Беларусы не маглі не заўважыць тых эканамічных цяжкасцяў, якія вельмі адчувальныя апошнім часам, – дадае Аляксандр Класкоўскі. Пра гэта гавораць іншыя лічбы гэтага сацыялагічнага даследавання – усё больш беларусаў хочуць пераменаў. За захаванне стану ў такім варыянце, як ёсць – выказваюцца толькі каля 25% апытаных, 67% – за перамены.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя