Эксперт: Вучэнні „Захад-2017” псуюць імідж Беларусі — міратворца
Правядзенне беларуска-расейскіх ваенных вучэнняў „Захад-2017” псуе імідж Беларусі як міратворца, якім улады пазіцыянуюць краіну ў апошнія гады. Пра гэта заявіў палітолаг Валер Карбалевіч, выступаючы на дыскусіі „Рэгіянальная бяспека і вучэнні „Захад-2017″: погляд з Вільні, Кіева і Менска”, якая прайшла 11 верасня ў Менску.
Самі па сабе вучэнні, адзначыў ён, традыцыйныя, мала адрозніваюцца ад ранейшых па колькасці задзейнічаных сіл і сцэнары. Але, падкрэсліў эксперт, змяніліся вонкавыя ўмовы, на фоне якіх яны праходзяць. Так, Расею лічаць агрэсарам, а таму „пляма на рэпутацыі Беларусі, вобразе, які фармавала ўлада, застанецца”.
Карбалевіч нагадаў, што ўлады не перашкаджалі правядзенню апазіцыі акцыі 8 верасня ў Менску супраць вучэнняў, а яе ініцыятара Мікалая Статкевіча нават выпусцілі з ЦІП, куды яго маглі змясціць не на пяць, а на 20 сутак. Фактычна, лічыць эксперт, Аляксандр Лукашэнка прадэманстраваў нейкую зацікаўленасць у яе правядзенні, напрыклад, каб паказаць, што і ў Беларусі „ёсць нацыяналісты, свой „Правы сектар”. З іншага боку, ён мог хацець паказаць, што ў Беларусі ёсць патрыёты, якія гатовыя супрацьстаяць агрэсару.
Пасля анэксіі Крыма, адзначыў Карбалевіч, Беларусь істотна адкарэктавала знешнюю палітыку, абвясціла сябе міратворцам па ўрэгуляванні сітуацыі, заняла пазіцыю нейтралітэту. Але вучэнні руйнуюць гэты вобраз, бо нейтралітэт і вучэнні супярэчаць адзін аднаму, лічыць эксперт.
Што б ні рабіў Менск, давер да вучэнняў не павысіцца, мяркуе ваенны эксперт Аляксандр Алесін. Паводле яго слоў, з 2014 года тое, што робіць Расея у Беларусі, „апрыёры выклікае недавер”. „Колькасць тэхнікі нікога не цікавіць. Насцярожвае палітычны момант правядзення вучэнняў з Расіяй”, —падкрэсліў эксперт.
Адмена або перанос вучэнняў Беларуссю мог бы быць расцэнены Расеяй як „палітычны дэмарш”, на што беларускія ўлады ў напружаных адносінах паміж краінамі пайсці не могуць, лічыць кіраўнік аналітычнага праекта Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў.
Ён звярнуў увагу, што раней такой інфармацыйнай істэрыі, звязанай з правядзеннем сумесных вучэнняў, не было. „Тут ёсць шмат у чым элемент штучнай, інфармацыйнай вайны. Каб пазбегнуць абвінавачванняў, трэба прадастаўляць максімальны аб’ём інфармацыі. У адрозненне ад расейскага боку Менск падае інфармацыю вельмі выбарачна, спрабуючы гандлявацца”, — сказаў эксперт.
belapan.by