Эксперт: ЗША зацікаўленыя, каб Беларусь дыстанцыявалася ад Расеі



Пачашчэнне візітаў высокапастаўленых амерыканскіх чыноўнікаў у Беларусь звязанае з падвышанай увагай ЗША да рэгіёну Усходняй Еўропы. Такое меркаванне выказаў эксперт аналітычнага цэнтра „Стратэгія” (Менск) Валерый Карбалевіч, каментуючы БелаПАН будучы візіт намесніка дзяржсакратара ЗША Дэвіда Хейла.

Хейл наведае Менск 17 верасня. Паводле інфармацыі прэс-сакратара МЗС Анатоля Глаза, прадугледжаны яго сустрэчы з кіраўніцтвам краіны і міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем, „бакі абмяркуюць пытанні беларуска-амерыканскіх адносін і рэгіянальнай бяспекі”.

Гэта ўжо другі за апошнія два з паловай тыдні візіт у Мінск высокапастаўленага амерыканскага чыноўніка. 29 жніўня Беларусь наведаў цяпер ужо былы дарадца прэзідэнта ЗША па пытаннях нацыянальнай бяспекі Джон Болтан, звольнены з гэтай пасады 10 верасня. Пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, якая доўжылася больш за дзве гадзіны, ён паведаміў журналістам, што канкрэтных рашэнняў падчас перамоў не прынята, „але дыскусія важная для далейшай працы”.

Валерый Карбалевіч нагадаў, што ў мінулым годзе ў Беларусь прыязджаў памочнік дзяржсакратара Уэс Мітчэл. „Ён адзначаў, што ЗША вяртаюцца ў рэгіён Усходняй Еўропы і будуць тут ствараць свой дыпламатычны рубеж. Беларусь уваходзіць у шэраг дзяржаў, якія павінны нейкім чынам супрацьстаяць экспансіі Расіі ў Еўропу. Не выпадкова і Джон Болтан прыязджаў сюды, наведаў Украіну, Малдову і Беларусь. Увага да гэтага рэгіёну ўзмацняецца, гэтым і тлумачыцца актыўнасць візітаў”, — лічыць Карбалевіч.

Паводле яго прагнозаў, падчас візіту Хейла будуць абмяркоўвацца „праблемы Расіі і расійскай палітыкі”, а таксама пытанні санкцый у дачыненні да Беларусі і ўзаемнага вяртання паслоў.

У сваю чаргу дырэктар інстытута „Палітычная сфера” доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч лічыць, што візіты амерыканскіх чыноўнікаў „выбудоўваюцца ў агульную лінію паляпшэння адносін ЗША з Беларуссю”. „Відаць, усе пытанні, якія закранаюцца, у асноўным ужо даўно так ці інакш абмяркоўваюцца, няма нейкага праактыўнага парадку дня, які б паказваў, што будуць нейкія істотныя прарывы ў двухбаковых адносінах, — сказаў Казакевіч. — Хутчэй, гэта выглядае, як паступовае нарошчванне двухбаковых кантактаў для вырашэння старых пытанняў і для таго, каб адносіны выйшлі на той узровень нармалізацыі, які прадугледжвае рэгулярныя кантакты, у тым ліку на вышэйшым узроўні, і супрацоўніцтва ва ўсіх галінах”.

Палітолаг растлумачыў, што пад „старымі пытаннямі” мае на ўвазе дзейныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі, адсутнасць паслоў, досыць абмежаваны ўзровень эканамічнага супрацоўніцтва і фактычна адсутнасць супрацоўніцтва ў плане бяспекі.

Пазіцыя ЗША, адзначыў Казакевіч, заключаецца ў тым, што ўзмацненне суверэнітэту Беларусі „можа іграць на аслабленне ўплыву Расіі ў рэгіёне”. „ЗША гатовыя падтрымліваць нейкія ініцыятывы, якія былі б накіраваныя на ўзмацненне беларускага суверэнітэту. Але гэта не значыць, што яны будуць актыўна прасоўваць нейкі парадак дня. Хутчэй, яны будуць дапамагаць, калі будзе нейкі зварот ці жаданне супрацоўнічаць у гэтым кірунку з боку беларускіх уладаў”, — мяркуе Казакевіч.

Паводле яго слоў, у дачыненні да Беларусі ЗША займаюць „пазіцыю прыслухоўвання”. „Разумеюць, што добра, каб Беларусь была суверэннай і мела нейкую аўтаномію і дыстанцыю ад Расіі, гатовыя гэта падтрымліваць, але неяк прасоўваць гэта няма ніякіх прычын. Усё ж такі ясна, што Беларусь знаходзіцца ў арбіце расійскага ўплыву, насельніцтва і эліты краіны ў значнай ступені (па меншай меры, на думку многіх амерыканцаў) тут прарасійскія. Сітуацыя вельмі моцна адрозніваецца ад Украіны, Грузіі і нават Малдовы, дзе ўсё-такі з большай удзячнасцю можа быць успрынята такая дапамога па ўмацаванні суверэнітэту”, — лічыць Казакевіч.

belapan.by