Эксперты ААН выступілі з заявай наконт указу Лукашэнкі
Эксперты ААН выступілі з заявай наконт указу Лукашэнкі, які забараняе беларусам мяняць пашпарты праз беларускія амбасады. У заяве зазначаецца, што ўказ з’яўляецца часткай палітыкі па пакаранні беларусаў, якія эмігравалі.
«Указ асабліва закране тых, хто быў вымушаны пакінуць краіну ў сувязі з масавымі рэпрэсіямі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, у тым ліку мірных пратэстуючых. Яны ня могуць бясьпечна вярнуцца ў Беларусь. Фактычна, дадзены ўказ з’яўляецца неправамерным выкарыстаннем мер бяспекі і часткай мэтанакіраванай палітыкі па пакаранні беларусаў у выгнанні, у тым ліку праваабаронцаў, журналістаў і прадстаўнікоў апазіцыі, за іх меркаваную палітычную нелаяльнасць», – гаворыцца ў заяве.
Эксперты ААН адзначаюць, што ўказ дыскрымінуе правы беларусаў, якія жывуць за мяжой, і абмяжоўвае іх правы, у тым ліку права на рэгістрацыю нараджэння і прадастаўленне грамадзянства дзецям, якія нарадзіліся за мяжой.
Яны заклікаюць беларускія ўлады адклікаць указ і аказваць консульскія паслугі ў адпаведнасці з Венскай канвенцыяй аб консульскіх зносінах 1963 года.