Эксперты ААН заклікаюць Беларусь вызваліць моладзь, асуджаную за наркотыкі



Рост колькасць выпадкаў захворвання на COVID-19 у Беларусі павінен прымусіць улады неадкладна вызваліць дзяцей (асобы да 18 гадоў па градацыі ААН) і маладых людзей, прыгавораных да пазбаўлення волі за наркатычныя злачынствы. Пра гэта гаворыцца ў заяве, апублікаванай на сайце вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека.

Аўтары заявы — спецдаклачык ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марын, старшыня рабочай групы па адвольных затрыманнях Хасэ Антоніа Гевара Бермудэс, яго намеснікі Лейх Тумі і Эліна Штайнерт, а таксама члены рабочай групы Сёнг-Філ Хонг і Сетанджы Роланд Аджаві.

„Урад Беларусі павінен прыняць тэрміновыя меры для абароны здароўя і бяспекі асоб, якія ўтрымліваюцца пад вартай, у прыватнасці дзяцей і маладых людзей, асуджаных на непрапарцыйна доўгія тэрміны зняволення — да 12 гадоў — за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі”, — гаворыцца ў заяве.

Эксперты ААН адзначылі, што з дзецьмі варта абыходзіцца такім чынам, каб гэта спрыяла развіццю пачуцця годнасці і значнасці, з улікам узросту дзіцяці і пажаданасці садзейнічання яго рэінтэграцыі і выканання ім карыснай ролі ў жыцці грамадства.

Яны заклікалі беларускія ўлады „ў што б там ні стала пазбегнуць затрымання дзяцей, вызваліць тых, хто не ўяўляе пагрозы для грамадства, і распрацаваць мадэлі і меры ў адказ, альтэрнатыўныя ўтрыманню дзяцей пад вартай, што асабліва актуальна ў святле пандэміі COVID-19”.

„Ураду варта прымяніць прапанаваны закон аб амністыі (Палата прадстаўнікоў прыняла законапраект аб амністыі 5 мая. — БелаПАН.) да ўсіх асоб, асуджаных за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі, асабліва да дзяцей і маладых людзей, — гаворыцца ў заяве. — Нягледзячы на тое што ў дзяцей назіраюцца больш лёгкія сімптомы захворвання і больш нізкі ўзровень смяротнасці, чым у дарослых, улічваючы іх няўстойлівы стан здароўя ў месцах пазбаўлення волі і адсутнасць доступу да якаснага медыцынскага абслугоўвання, яны падвяргаюцца вялікай рызыцы захворвання і перадачы COVID-19”.

У заяве таксама адзначаецца, што ў Беларусі не былі прымененыя комплексныя меры фізічнага дыстанцыявання і колькасць выпадкаў COVID-19 „рэзка ўзрастае з кожным днём”.

Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, на 7 мая ў краіне зафіксавана 20.168 выпадкаў COVID-19, памерла 116 чалавек.

belapan.by