Эксперты: Адстаўка ўрада магчымая, але эканоміцы гэта не дапаможа
На цяперашні склад беларускага ўрада можа быць ускладзеная віна за невыкананне ключавых паказчыкаў, аднак кадравыя рашэнні не дазваляюць палепшыць эканамічную сітуацыю ў краіне. Да такой высновы прыйшлі эксперты БелаПАН, падводзячы вынікі дзейнасці цяперашняга складу ўрада за 500 дзён.
Нагадаем, урад на чале з прэм’ер-міністрам Андрэем Кабяковым быў прызначаны 27 снежня 2014 года, 10 мая 2016 года спаўняецца 500 дзён з дня яго прызначэння.
На думку экспертаў, станоўчым вынікам дзейнасці цяперашняга складу ўрада з’яўляецца забеспячэнне макраэканамічнай стабілізацыі, якая выяўляецца ў запавольванні інфляцыйных працэсаў. Аднак адсутнасць палітычнай волі ў прэзідэнта на правядзенне рэформаў прывяла да таго, што мінулыя 500 дзён сталі шмат у чым страчаным часам, лічаць эканамісты.
„Негатыў складаецца ў тым, што за 500 дзён улады фактычна так і не прызналі, што для аднаўлення эканамічнага росту стаўку неабходна рабіць на прыватны сектар. У выніку мы атрымалі 500 дзён пракрастынацыі, якая прыводзіць да негатыўных наступстваў для бізнесу, бюджэту і краіны ў цэлым”, — мяркуе кіраўнік Навукова-даследчага цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук.
На думку назіральнікаў, працяг рэцэсіі ды невыкананне ўрадам многіх прагнозных паказчыкаў можа прывесці да яго адстаўкі. Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка ў час красавіцкай нарады заявіў, што калі ў другім квартале прыкметных паляпшэнняў у эканоміцы не адбудзецца, „прыйдуць іншыя людзі”, якія будуць ёй займацца.
„У другім квартале частка заданняў „пазелянее” з улікам больш нізкай базы мінулага года. Аднак большая частка той матрыцы прагнозных паказчыкаў, якую ўраду пастаўлена задача выконваць, будзе заставацца ў „чырвонай” зоне. Наўрад ці Лукашэнка па выніках другога квартала пахваліць урад”, — мяркуе эканаміст Антон Балточка.
Кадравыя перастаноўкі ва ўрадзе, лічыць ён, могуць адбыцца пасля Усебеларускага народнага сходу, запланаванага на другую палову чэрвеня. „Сцвярджэнне праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця, якая будзе прынятая на новую пяцігодку, можа стаць фармальнай нагодай для кадравых перастановак”, — мяркуе Балточка.
Пры гэтым эксперты адзіныя ў меркаванні, што кадравыя рашэнні, калі яны будуць прынятыя, эканоміцы ніяк не дапамогуць.
„Калі мы хочам захоўваць фінансавую стабільнасць, новыя людзі ва ўрадзе таксама будуць вымушаныя праводзіць жорсткую грашова-крэдытную і бюджэтна-падатковую палітыку. Чакаць, што кадравыя перастаноўкі прывядуць да станоўчых змен у эканоміцы, наўрад ці варта”, — лічыць старэйшы аналітык форэкс-брокера Forex Club Валерый Палхоўскі.
Змена ўрада, адзначае Палхоўскі, нічога не памяняе, бо праблемы ў нашай эканоміцы маюць глыбінныя карані і знаходзяцца ў рэальным сектары. На думку эксперта, адстаўка эканамічнага блока беларускай вертыкалі, асобныя прадстаўнікі якой станоўча ўспрымаюцца МВФ, можа толькі негатыўна адбіцца на перамовах Беларусі з міжнароднай фінансавай арганізацыяй.