Прарыўных рашэнняў ад візіту Пампеа чакаць не варта



Ад візіту ў Менск дзяржсакратара ЗША Майкла Пампеа, які адбыўся 1 лютага, не варта чакаць прарыўных рашэнняў. Такое меркаванне ў каментары БелаПАН выказаў каардынатар праграмы «Знешняя палітыка Беларусі» Савета па міжнародных адносінах «Менскі дыялог» Дзяніс Мельянцоў.

«Візіт падобны на візіт Джона Болтана – пробны і азнаямленчы. Наўрад ці варта чакаць чагосьці прарыўнога, канкрэтных рашэнняў. Гэта было, хутчэй, пацвярджэнне курсу на нармалізацыю, які дайшоў да рысы, калі патрэбнае падвядзенне вынікаў сустрэчай значнага ўзроўню», – мяркуе Мельянцоў.

Эксперт таксама зазначыў, што прапанова аб пастаўках нафты ўмацоўвае беларускую пазіцыю і з’яўляецца раздражняльным фактарам для Масквы.

«Гэта акцэнты, якія, з аднаго боку, раздражняюць Расею і служаць умацаваннем беларускай пазіцыі на перамовах з ёй. З іншага боку, гэта ўкладваецца ў канву, агучаную Лукашэнкам і беларускай дыпламатыяй, пра дыверсіфікацыю і нармалізацыю стасункаў з Захадам. З гэтага боку візіт быў чаканы, з іншага – ён быў сімвалічна значны для беларускай улады, каб прадэманстраваць, у тым ліку і Расеі, наяўнасць геапалітычнай і эканамічнай альтэрнатывы», – сказаў ён.

Мельянцоў лічыць, што Пампеа не мог не закрануць сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. «Калі б не былі згаданыя правы чалавека і пытанні дыпламатыі, гэта б выглядала ўжо занадта знарочыста геапалітычна, чаго Злучаныя Штаты пазбягаюць. Нават калі вырашаюцца пытанні выключна геапалітычнага характару, усё роўна публічна, у падыходах да прэсы, заўсёды гучаць тэмы правоў чалавека. Пампеа не мог іх не закрануць. У кантэксце зняцця санкцый і адмены абмежаванняў гэтая праблематыка завязаная на Акце аб дэмакратыі ў Беларусі і правах чалавека. Ён нават юрыдычна абавязаны закранаць гэтыя пытанні, калі гаворка ідзе пра адмену санкцый, эканамічнае ўзаемадзеянне», – растлумачыў эксперт.

На думку палітолага, эксперта аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Валера Карбалевіча, візіт Пампеа азначае, што Злучаныя Штаты пачынаюць канкураваць за ўплыў у рэгіёне. «ЗША вяртаюцца ў рэгіён Усходняй Еўропы. Яны актыўна прысутнічалі ва Украіне, Польшчы, краінах Балтыі, а Беларусь была вакуумам з пункту гледжання ўплыву ЗША, і цяпер яны яго запаўняюць. Фактычна ЗША ўваходзяць у канкурэнцыю за ўплыў у гэтым рэгіёне. Візіт Пампеа гэта прадэманстраваў», – сказаў Карбалевіч БелаПАН.

Як прыклад канкурэнцыі Карбалевіч назваў заяву Пампеа пра гатоўнасць ЗША забяспечыць Беларусь нафтай па канкурэнтных цэнах. «Прапанова прадаваць Беларусі энергарэсурсы, асабліва на фоне канфлікту з Расеяй, гэта дэманстрацыя гатоўнасці Вашынгтона ўвайсці ў канкурэнцыю з Расеяй і нават Кітаем за ўплыў у гэтым рэгіёне», – дадаў ён.

Карбалевіч мяркуе, што візіт Пампеа не паўплывае на ўнутраную палітыку, паколькі працэс нармалізацыі ідзе па геапалітычных прычынах і мала звязаны з пытаннямі правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі. «Дыскусія пра правы чалавека была, але не думаю, што далей за дыскусію справа зрушылася, таму што беларускія ўлады ні на якія саступкі ісці не гатовыя», – дадаў ён.

Гэта першы візіт дзяржсакратара ЗША ў Беларусь за 25 гадоў. Падчас візіту Майкл Пампеа сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам і міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем. Дзяржсакратар ЗША пацвердзіў магчымасць прызначэння найбліжэйшым часам пасла ў Беларусі, а таксама заявіў, што ў Злучаных Штатах будуць разглядаць, якія санкцыі супраць Беларусі можна зняць, але пакуль краіны ў сваіх адносінах «не дайшлі да гэтага пункту». Як падкрэсліў Пампеа, прагрэс Беларусі ў пытаннях правоў чалавека, свабоды прэсы і ўзмацнення ролі грамадзянскай супольнасці – адзіны варыянт для поўнага зняцця амерыканскіх санкцыяў. Акрамя таго, ён запэўніў, што амерыканскія вытворцы гатовыя забяспечыць Беларусь нафтай на 100% па канкурэнтных цэнах.

Дзяржсакратар ЗША таксама правёў паўгадзінную сустрэчу з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці Беларусі і наведаў Парк высокіх тэхналогій, дзе азнаёміўся з перадавымі распрацоўкамі кампаній-рэзідэнтаў, якія працуюць на рынку Злучаных Штатаў.

БелаПАН