Эксперты: Пытанне змяненняў у Канстытуцыю становіцца актуальным



У святле магчымай лібералізацыі палітычнага жыцця пытанне змяненняў у Канстытуцыю становіцца актуальным. Такое меркаванне выказала дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім 12 чэрвеня ў Менску на дыскусіі „Пішам Канстытуцыю. Якая палітычная сістэма патрэбна Беларусі”.

„Хоць здаецца, што рычагоў уплыву няма, трэба рыхтавацца да таго, што ўлады пойдуць на лібералізацыю палітычнага жыцця. Калі ўвесь час гаварыць пра нелегітымнасць, немагчымасць змяненняў і невалоданнем інструментамі, мы застанемся ні з чым. У некаторай сістэме нават палітычныя эліты адчуваюць застой, і ім хацелася б некаторых пераменаў. Таму пытанне змены Канстытуцыі актуальнае, неабходна распрацоўваць альтэрнатыўны погляд на Канстытуцыю і даносіць яго да грамадзян”, — лічыць Анісім.

Палітолаг Валерый Карбалевіч перакананы, што калі да 2025 года Аляксандр Лукашэнка будзе бачыць, што ў яго ўсё ў парадку са здароўем, то змяненні ў Канстытуцыю будуць перанесены. Карбалевіч нагадаў аб транзіце ўлады ў Казахстане, дзе падчас правядзення выбараў новага прэзідэнта адбыліся масавыя затрыманні. „Падзеі ў Арменіі і Казахстане моцна напалохалі Лукашэнку. Я думаю, што гэтыя падзеі прымусяць яго дзесяць разоў падумаць, перш чым наогул нешта чапаць. Таму што ў беларускай сітуацыі любыя спробы нешта мяняць могуць скончыцца зусім не так, як таго хоча ініцыятар гэтых перамен. Таму я б асцярожна ставіўся да гэтых ідэй”, — сказаў палітолаг.

Карбалевіч лічыць, што ў Лукашэнкі і яго каманды пакуль няма дакладнага ўяўлення, якія змяненні патрэбныя ў Канстытуцыі. „Галоўны элемент новай Канстытуцыі — гэта не толькі скарачэнне тэрміну, але і гарантыі першаму прэзідэнту. Ён чамусьці думае, што канстытуцыйныя гарантыі даюць больш, чым можа даць яго пераемнік. Але ж калі Ельцын ажыццяўляў транзіт ўлады, ён не Канстытуцыю мяняў, а шукаў чалавека, які б гарантаваў бяспеку яму і яго сям’і”, — адзначыў эксперт.

Мечыслаў Грыб, экс-старшыня Вярхоўнага Савета 12-га склікання, кіраўнік грамадскай камісіі па ўнясенні змяненняў у Канстытуцыю, нагадаў, што папраўкі ў Канстытуцыю 1996 года праводзіліся з парушэннямі і яна сусветнай супольнасцю прызнана нелегітымнай.

„Мы не можам на яе раўняцца і ўносіць у яе праўкі, таму што калі мы гэтым зоймемся, то прызнаем яе легітымнай, мы прызнаем тое, чаго ўлада ад нас дамагаецца на працягу дзесяцігоддзяў”, — сказаў Грыб.

На яго думку, улада разглядае змяненні толькі з дзвюх пазіцый. „Першая: як лягчэй і надзейней перадаць уладу таму, каму яны захочуць. І другая, што выклікае насцярожанасць: як зрабіць так, каб пагадненне аб стварэнні Саюзнай дзяржавы выглядала больш-менш законна”, — лічыць палітык.

Гісторык Таццяна Процька зазначыла, што апазіцыя не валодае механізмамі ўкаранення прапанаваных змяненняў, і гэта больш важнае пытанне, бо з існуючай Канстытуцыяй можна будаваць дэмакратычную дзяржаву.

„Калі пачнецца сур’ёзнае абмеркаванне змяненняў у Канстытуцыю, першымі пытаннямі будуць вынесены не тэрміны прэзідэнцтва, а пытанні аб праве ўласнасці на зямлю і ўвядзенні прапарцыйнай выбарчай сістэмы. Я абсалютна ўпэўненая, што ўлада гэта прапануе. Але ў цені патрэбных змяненняў могуць быць працягнуты пытанні з інтэграцыйным момантам і з гарантыямі прэзідэнту”, — мяркуе Процька.

Юрыст Гары Паганяйла таксама перакананы, што прапанаваныя уладай змяненні будуць накіраваны на забеспячэнне ўстойлівасці ўлады падчас транзіту: „Змяненні накіраваны на трансфармацыю ўлады, таму што прэзідэнт разумее, што не вечны, і тую сыстэму ўлады, якую ён пабудаваў для сябе, з улікам сваіх асобасных дадзеных, ні адзін чалавек не зможа паўтарыць”.

belapan.by