Эксперты: Расея можа паспрабаваць змяніць Лукашэнку



На працягу дзесяці месяцаў 2017 года Расея можа пачаць аднабаковыя дзеянні для ваенна-палітычнага кантролю над Беларуссю. Пра гэта гаворыцца ў адкрытай версіі дакладу Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў. Аўтары дакладу — дырэктар цэнтра Арсень Сівіцкі і кіраўнік праграмы расійскіх даследаванняў Юрый Царык.

Уладзімір Пуцін

Эксперты зазначаюць, што цяпер беларуска-расейскія адносіны характарызуюцца поўнамаштабным комплексным крызісам, які ўключае як рознагалоссі па канкрэтных пытаннях эканамічнага зместу, так і супярэчнасці па фундаментальных пытаннях стратэгічнага і ваенна-палітычнага характару. Акрамя таго, гэты крызіс характарызуецца стратай узаемнага даверу бакоў і іх няздольнасцю абмеркаваць наяўную сітуацыю і прыйсці да ўзаемна прымальнага рашэння.

Найвострымі ў беларуска-расейскіх адносінах эксперты называюць наступныя пытанні: аднабаковы націск Расеі на Беларусь з мэтай дамагчыся дазволу беларускага боку на размяшчэнне на сваёй тэрыторыі расейскіх войскаў на пастаяннай аснове; не ўзгоднены з беларускім бокам план Масквы па адпраўцы ў Беларусь у 2017 годзе 4.162 вагонаў з грузамі ваеннага прызначэння (у 20 разоў больш, чым падчас вучэння „Захад-2013”); нязгода беларускага боку на аплату паставак расейскага газу па кантрактнай цане ў сувязі з рэзкім зніжэннем сусветных коштаў на энерганосьбіты ў параўнанні з узроўнем, зафіксаваным у кантракце; адмова расейскага боку паставіць раней абгавораны аб’ём нафты для перапрацоўкі ў Беларусі і адмова беларускага боку паставіць раней абгавораны аб’ём вырабленых нафтапрадуктаў на расейскі рынак у сілу эканамічнай немэтазгоднасці; палітычна матываваны націск расейскага боку з мэтай прымусіць Беларусь ажыццяўляць экспартныя пастаўкі нафтапрадуктаў не праз прыбалтыйскія, а праз расейскія парты; верагодна палітычна матываваная затрымка выплаты чарговага траншу крэдыту з боку Еўразійскай фонду стабілізацыі і развіцця.

„Ва ўмовах комплекснага крызісу беларуска-расейскіх адносін, а таксама ўлічваючы ход развіцця міжнароднай сітуацыі і расейскай ўнутранай палітыкі, расейскі бок атрымлівае ўсё больш стымулаў для вырашэння сітуацыі ў аднабаковым парадку, — гаворыцца ў дакладзе. — Такое вырашэнне сітуацыі складаецца ў забеспячэнні поўнага ваенна-палітычнага кантролю расейскага боку над Беларуссю ў аднабаковым парадку, няхай гэта будзе ў выніку змены рэжыму або прымянення крайніх формаў націску на цяпер дзейнае кіраўніцтва Беларусі”.

Эксперты лічаць, што да такога кроку расейскі бок падштурхоўваюць як сітуацыя на міжнароднай арэне (аслабленне ЕЗ у выніку Brexit, змена ўлады ў ЗША) і ўнутры Расеі (палітычная барацьба, звязаная з пераразмеркаваннем рэсурсаў і рэструктурызацыяй сілавога апарата), так і „цэнтральная роля асобы Аляксандра Лукашэнкі ў адстойванні суверэнітэту і незалежнасці Беларусі і яе нацыянальных інтарэсаў”.

„Такім чынам, цяпер верагоднасць таго, што расейскае кіраўніцтва прыме (або прыняло) рашэнне аб правакаванні ўнутранага канфлікту і/або гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу ў Беларусі, з’яўляецца высокай, — лічаць эксперты. — Пры гэтым варта зазначыць, што рызыкі, якія вынікаюць з падобных дзеянняў расейскага боку, для яго самога з’яўляюцца мінімальнымі. Паколькі Беларусь паслядоўна і энергічна рэалізуе курс на забеспячэнне суверэнітэту і незалежнасці ва ўсіх сферах, нават няўдалая спроба змены рэжыму ў Беларусі з боку Расеі наўрад ці істотна ўзмоцніць гэтую палітыку Менска. Хуткасць яе рэалізацыі звязаная, у першую чаргу, з абмежаванасцю магчымасцяў, а не адсутнасцю волі беларускага боку”.

Эксперты таксама лічаць блізкай да нуля верагоднасць таго, што краіны Захаду змогуць рэзка нарасціць падтрымку беларускаму кіраўніцтву ў выпадку яго адкрытага супрацьстаяння з Масквой. „Магчымасці Кітайскай Народнай Рэспублікі ў гэтай сферы таксама звужаюцца ў сілу асаблівасцяў бягучай эканамічнай і міжнароднай дынамікі. З пункту ж гледжання ўнутрыпалітычнай дынамікі расейскі бок мае дастатковую колькасць і якасцю актываў у Беларусі для таго, каб утрымліваць кантроль над беларускім бокам ва ўмовах амаль любых новых палітычных рэалій”, — гаворыцца ў дакладзе.

Эксперты прагназуюць, што Расея будзе імкнуцца да забеспячэння легітымнасці пры спробе ўстанаўлення ваенна-палітычнага кантролю над Беларуссю. Такая легітымнасць павінна быць забяспечаная як з боку расейскай, так і з боку міжнароднай грамадскай думкі.

Эксперты мяркуюць, што пры ўсталяванні ваенна-палітычнага кантролю над Беларуссю найбольш верагодным сцэнарыем варта лічыць выкарыстанне расейскім бокам гібрыдных стратэгій з акцэнтам на палітычныя інструменты. „Пры ўсёй шматстайнасці магчымых сцэнарыяў агульная задума найбольш верагоднай стратэгіі будзе складацца ў тым, каб, выкарыстоўваючы падкантрольныя элементы на тэрыторыі Беларусі, інсцэнаваць напад „празаходняй нацыяналістычнай апазіцыі” на органы ўлады і кіравання Рэспублікі Беларусь”, — адзначаецца ў дакладзе.

З поўнай версіяй дакладу можна азнаёміцца на сайце Цэнтр стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў створаны ў Менску ў 2013 годзе. Гэта няўрадавая некамерцыйная незалежная даследчая арганізацыя („фабрыка думкі”), мэтай якой з’яўляецца спрыянне пашырэнню магчымасцяў Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне шляхам аналізу міжнародных працэсаў, распрацоўкі праграм і праектаў.

belapan.by