Эксперты: У Лукашэнкі і Пуціна новыя непаразуменні



На расейскім тэлеканале НТВ дэманструюцца здзеклівыя сюжэты пра кіраўніка Беларусі. У сатырычнай праграме Тыграна Кеасаяна „Міжнародная піларама” крытыкуюцца хада і вынікі беларуска-расейскіх вучэнняў „Захад 2017”.

На думку эксперта ўстановы „Стратэгічная думка” Аляксея Харкевіча, выпады ў бок Аляксандра Лукашэнкі – гэта прыкмета новых непаразуменняў у эканамічнай плашчыні:

– Набліжаецца ацяпляльны сезон, а ў нас зіма, як след, гэта пытанне цаны на газ для Беларусі з боку Расеі. Калі мы прыгадаем мінулагоднія калізіі, то беларускі бок, па сцвярджэнню расейцаў, застаўся вінен, паколькі не сышліся ў адзінай цане на газ.

Паліттэхнолаг Юрый Варонежцаў перакананы, што сатырычныя сюжэты пра кіраўніка Беларусі на НТВ разлічаныя на расейскага гледача:

– Гэта выгадна расейскім уладам, бо нейкі шараговы расеец глядзіць на наш „зямны рай” і задае пытанне сваім мясцовым уладам і нават Пуціну: „Чаму ў нас не так?”. А тут бах, ён па НТВ паглядзеў, аказваецца там насамрэч не так ужо добра, як яму падаецца.

Тэлеканал НТВ належыць холдынгу „Газпрам-Медыя”, які кантралюецца Расеяй.

Беларускае Радыё Рацыя