Экстрэмісты з Сектара Газа абстрэльваюць Ізраіль



Экстрэмісты з Сектара Газа абстрэльваюць ізраільскую тэрыторыю.

Цягам мінулых содняў было выпушчана больш за 70 ракет. У выніку ад ракетных удараў пацярпелі 4 чалавекі. Раненні атрымалі 3 ізраільскія вайскоўцы і 1 цывільны.

Ракетны абстрэл стаў наймагутнейшым з 2014 года, распавядае прадстаўнік беларускай грамады ў Ізраілі, жыхар горада Ашкелон Барыс Давід Балтэ:

З часу апошняй вайны і потым было ціха: ну можа былі адзін-два стрэлы ў год, але была ціхая атмасфера. А цяпер зноў. Ракеты збіваюць, але некаторыя з іх усё ж даляталі. Адна з ракет трапіла ля дзіцячага садка ў горадзе Сдэрот. Дзякуй Богу, там не было параненых.

Адказнасць за тэракты ўзялі на сябе групоўкі “ХАМАС” і “Ісламскі джыхад”. Экстрэмісты матывуюць свае ўдары помстай за смерць палестынцаў падчас нядаўніх сутыкненняў з ізраільскімі вайскоўцамі на мяжы Сектара Газа.

У сваю чаргу ЦАГАЛ звязвае напады на Ізраіль з замовай Ірану. У адказ на атаку ізраільскія ВВС нанеслі ўдары па аб’ектах тэрору ў Сектары Газа.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя