Экзарцысты на выбар
Ой, нядобры вецер гуляе над Расеяй! Шызафрэніяй называецца. На дзяржаўным узроўні. У іх этап вайны супраць Украіны (ах, так! за слова „вайна” можна атрымаць крымінальны тэрмін) пасля мілітарысцкага пераходзіць у рэлігійны. Памочнік сакратара Савета бяспекі РФ Паўлаў цалкам сур’ёзна заявіў аб тым, што Украіна перастала быць дзяржавай, а ператварылася ў таталітарную гіперсекту.
«Кіеўская хунта» прымушае свой народ адмовіцца ад агульначалавечых каштоўнасцяў на карысць падтрымкі аднаполых шлюбаў, язычніцтва і свабоды ад хрысціянскіх догмаў. Таму там тэрмінова трэба правесці «дэсатанізацыю». Цікава, што з гэтай нагоды выказаўся і чачэнскі Дон – натхняльнік і правадыр самых смелых горцаў, якія спецыялізуюцца на згвалтаваннях і рабаваннях. Дык вось, «поўная дэшайтанізацыя» павінна выратаваць аблудных украінцаў – ваяўнічых фанатыкаў. У Расеі ўсё па прынцыпе „ці пан, ці прапаў”: свае пяць капеек ва ўнісон палітыкам уставіў і Вярхоўны Галоўнакамандуючы РПЦ.
Ён аб’явіў яшчэ больш галоўнага над галоўным, уключаючы РПЦ, змагаром з Антыхрыстам. І, насуперак медыцынскай навуцы, шызафрэнія ў РФ перадаецца паветрана-кропельным шляхам. А Украіна этапы вайны бачыць па-іншаму. Першы – стрымліванне варожых войскаў, другі – стабілізацыя лініі фронту, трэці – контрнаступальная аперацыя з мэтай вызвалення акупаваных тэрыторый.
А яны кажуць: адзін народ, адзін народ!
Ліза Ахроменка