ЕНП асудзіла пераслед беларускіх актывістаў
Еўрапейская народная партыя асудзіла націск на беларускіх актывістаў, якія ўдзельнічалі ў мірных акцыях пратэсту ў канцы мінулага года, і іх пераслед. Пра гэта паведаміў БелаПАН сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі, які ўзяў удзел у палітычнай асамблеі ЕНП.
„Еўрапейская народная партыя асуджае працяг націску і пераследу дэмакратычных актывістаў з-за іх удзелу ў мірных акцыях пратэсту ў Мінску і іншых беларускіх гарадах у снежні 2019 года”, — гаворыцца ў рэзалюцыі, прынятай на асамблеі ЕНП 4 лютага.
У дакуменце адзначаецца, што дзясяткі мірных пратэстоўцаў атрымалі вялікія штрафы, якія нашмат перавышаюць іх штомесячны даход. „Такім чынам, улады паставілі дэмакратычных актывістаў на мяжу беднасці”, — падкрэсліваюць аўтары рэзалюцыі.
Яны звяртаюць увагу, што былі аштрафаваныя лідары структур — членаў ЕНП у Беларусі: Аб’яднанай грамадзянскай партыі, руху „За Свабоду”, аргкамітэта БХД.
Аўтары рэзалюцыі заклікаюць беларускія ўлады спыніць пераслед актывістаў і лідараў дэмакратычных партый, асуджаюць парушэнне свабоды інтэрнэту, свабоды слова і пераслед незалежных журналістаў.
„ЕНП вітае збліжэнне Беларусі з Еўрасаюзам, у той жа час мы звяртаем увагу на тое, што выкананне нормаў Дэкларацыі правоў чалавека з’яўляецца абавязковай умовай для ўсіх дэмакратычных краін”, — заявіла ЕНП.
Акрамя таго, аўтары рэзалюцыі настойліва заклікаюць беларускія ўлады неадкладна адмяніць усе вынесеныя смяротныя прысуды і працаваць над адменай смяротнага пакарання.
У каментары БелаПАН Рымашэўскі патлумачыў, што рэзалюцыя была прынятая па ініцыятыве аргкамітэта БХД. „Цяпер вялікая ўвага да Беларусі, таму што ў нас год выбараў. Я працую над тым, каб у найбліжэйшыя месяцы была прынятая рэзалюцыя Еўрапарламента на аснове рэзалюцыі ЕНП”, — сказаў ён.
У снежні 2019 года ў Беларусі прайшлі акцыі пратэсту супраць паглыблення інтэграцыі з Расіяй. Агульная сума штрафаў, накладзеных судамі на іх удзельнікаў, перавысіла 120 тыс. рублёў.
ЕНП — правацэнтрысцкая агульнаеўрапейская палітычная партыя, яе сябрамі з’яўляюцца больш за дзесяць кіраўнікоў урадаў краін — членаў Еўрапейскага саюза. Утварае найбуйнейшую фракцыю Еўрапарламента.