ЕНП будзе сачыць за мясцовымі выбарамі ў Беларусі
Еўрапейская народная партыя будзе сачыць за ходам мясцовых выбараў, якія адбудуцца ў Беларусі 18 лютага. Пра гэта заявіў віцэ-старшыня групы ЕНП у Еўрапарламенце, чалец камітэтаў Еўрапарламента па канстытуцыйных і міжнародных справах Паўла Рангель 25 студзеня на пасяджэнні круглага стала ў Менску.
„У нармальнай сітуацыі мясцовыя выбары не атрымліваюць вялікай увагі з боку СМІ. Але калі ёсць прычыны падазраваць, што выбары не будуць празрыстымі, яны трапляюць у навіны”, — сказаў ён.
Рангель выказаў занепакоенасць сітуацыяй у краіне, у прыватнасці вакол рэфармавання выбарчага заканадаўства. Адкрыццё доступу палітычных партый да выбарчага працэсу, падкрэсліў ён, з’яўляецца папярэдняй умовай супрацы Беларусі і ЕЗ.
Палітык адзначыў, што ЕНП заўсёды была рухавіком еўрапейскай інтэграцыі, падтрымкі еўрапейскіх каштоўнасцяў. „Мы стаім на пазіцыях паважання правоў чалавека, правядзення сацыяльнай рынкавай эканомікі”, — сказаў Рангель.
Акрамя таго, ён выказаў занепакоенасць нематываванымі затрыманнямі і пераследам палітычных і грамадскіх актывістаў, а таксама журналістаў.
Дэлегацыя ЕНП па чале з Рангелем знаходзіцца ў Беларусі 24—25 студзеня ў межах маніторынгу мясцовых выбараў. У першы дзень дэлегацыя наведала перадвыбарны пікет Аб’яднанай грамадзянскай партыі ля сталічнага Камароўскага рынку.