Эрдаган і Пуцін не дасягнулі пагаднення па збожжавай здзелцы



Прэзідэнты Турцыі і Расеі Рэджэп Таіп Эрдаган і Уладзімір Пуцін абмеркавалі збожжавую здзелку на перамовах у Сочы 4 верасня. Пуцін заявіў, што РФ гатова рэанімаваць здзелку пасля выканання ўсіх патрабаванняў Расеі, паведамляе ria.ru.

Фота: © POOL

Па словах Эрдагана, зараз рыхтуецца новы пакет для кансультацый з ААН.

«Мы падрыхтуем новы пакет на кансультацыях з ААН, і я лічу, што зможам дабіцца выніку. Турцыя прыкладзе ўсе намаганні, і мы верым, што ў найкарацейшыя тэрміны дасягнем выніку ў плане гэтай здзелкі», – заявіў прэзідэнт Турцыі.

Нагадаем, у ліпені Расея абвясціла, што пярэчыць супраць чарговага падаўжэння Чарнаморскай збожжавай ініцыятывы, якая забяспечвала марскі экспарт збожжа з Украіны. Пуцін назваў умовы вяртання РФ у здзелку: устараненне перашкод для расейскіх банкаў, якія абслугоўваюць пастаўкі харчавання і угнаенняў, у тым ліку іх падключэнне да SWIFT, а таксама забеспячэнне паставак расейскіх угнаенняў і аднаўленне працы аміякаправода „Тальяці – Адэса”.

Пуцін на сумеснай прэс-канферэнцыі зазначыў, што перамовы былі змястоўнымі, ахапіўшы ўсе напрамкі. ПЕрадусім ён адзначыў супрацоўніцтва ў газавай і атамнай сферах.

Што да збожжавай здзелкі, Пуцін нагадаў, што заходнія гульцы фактычна вымусілі Расею выйсці з яе. Гэта не паўплывала на глабальныя рынкі, але ёсць праблемы са справядлівым размеркаваннем збожжа. Здзелка адновіцца толькі пасля зняцця абмежаванняў на расейскую аграпрамысловую прадукцыю.

Эрдаган, у сваю чаргу, указаў, што чарнаморская ініцыятыва адыграла важную ролю для малазабяспечаных краін. Турцыя знаёмая з чаканнямі Расіі і разлічвае на новыя кансультацыі з ААН, паведамляе ria.ru.