Эрдаган звінаваціў Расею ў вядзенні вайны ў Лібіі



Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган звінаваціў міністра абароны Расеі Сяргея Шайгу і прыватную ваенную кампанію Вагнера ў вядзенні вайны ў Лібіі. Пра гэта паведаміў тэлеканал NTV, які публікуе фрагменты гутаркі з турэцкім кіраўніком.

У размове з журналістамі Эрдаган расказаў пра фотаздымак, на якім у адным памяшканні зафіксаваны Шайгу, начальнік Генштаба Узброеных сіл Расеі Валерый Герасімаў, камандуючы Лібійскай нацыянальнай арміяй (ЛНА) Халіфа Хафтар, а таксама нехта, каго Эрдаган назваў кіраўніком ПВК Вагнера.

„Цяпер менавіта Расея кіруе вайной (у Лібіі-рэд) на сама высокім роўні”, – сказаў Эрдаган.

У студзені 2020 года Пуцін заяўляў, што калі ў Лібіі і прысутнічаюць грамадзяне Расеі, то яны не прадстаўляюць інтарэсы Масквы і не атрымліваюць фінансавання ад дзяржавы”.

ПВК Вагнера – неафіцыйнае збройнае фармаванне, якое звязваюць з пецярбуржскім бізнесоўцам Яўгенам Прыгожыным. Лічыцца, што яго наёмнікі знаходзяцца ў некалькіх краінах Афрыкі, у ліку якіх ДР Конга, Судан, Лібія, Мадагаскар, Ангола, Гвінея, Гвінея-Бісау, Мазамбік, Зімбабвэ і Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка (ЦАР). Паводле некаторых звестак, яны таксама бралі ўдзел у баявых дзеяннях у Данбасе, Сірыі і накіроўваліся ў Судан для падтрымкі Амара аль-Башыра.

Беларускае Радыё Рацыя