ЕС пракаментаваў рэферэндум у Беларусі
Еўразвяз лічыць, што рэферэндум па змене беларускай Канстытуцыі прайшоў ва ўмовах паўсюдных парушэнняў правоў чалавека і жорсткіх рэпрэсій супраць беларускага грамадства.
«Прастора для сапраўднага грамадскага абмеркавання цалкам зачынена, шырока выкарыстоўваецца наўмысная дэзінфармацыя. Акрамя таго, вялізная колькасць беларускіх грамадзян была вымушана пакінуць краіну. Гэта не тыя ўмовы, якія неабходныя для дэмакратычнага працэсу перагляду Канстытуцыі», – гаворыцца ў заяве вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэпа Барэля.
Барэль нагадаў, што мінулыя прэзідэнцкія выбары прайшлі з фальсіфікацыямі і „нішто не ўказвае на паляпшэнне выбарчай сістэмы”.
Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі назваў трывожнай акалічнасцю тое, што ў новым праекце Канстытуцыі не гаворыцца пра няядзерны статус Беларусі, а таксама звярнуў увагу на прамежкавую справаздачу Венецыянскай камісіі, у якой гаворыцца, што папраўкі дазволяць Лукашэнку яшчэ больш умацаваць сваю ўладу.
ЕС таксама асудзіў дачыненне Беларусі да агрэсіі супраць Украіны і паабяцаў прыняць захады супраць тых, хто супрацоўнічае з расейскай ваеннай агрэсіяй супраць Украіны.