Эстонія адклікае свайго пасла ў Беларусі для кансультацый
Пасол Эстоніі ў Беларусі Мерыке Какаеў адклікаецца для кансультацый, паведамілі БелаПАН у прэс-службе эстонскага МЗС.
„Мы можам пацвердзіць інфармацыю, што пасол вяртаецца ў Талін для кансультацый”, — сказалі ў эстонскім знешнепалітычным ведамстве. Пасол пакіне Беларусь найбліжэйшымі днямі.
Раніцай 7 кастрычніка кіраўнік МЗС Латвіі Эдгарс Рынкевічс паведаміў, што Рыга адклікае свайго пасла Эйнарса Семаніса з Беларусі. „У знак салідарнасці з калегамі з Еўрапейскага саюза Латвія адклікае свайго пасла з Беларусі для кансультацый”, — напісаў Рынкевічс у „Твітэры”.
Пасля пастановы Еўразвяза ўвесці санкцыі ў дачыненні да 40 беларускіх службовых асоб афіцыйны Менск адклікаў сваіх паслоў у Вільне і Варшаве „для кансультацый” і прапанаваў Літве і Польшчы зрабіць аналагічны крок, а таксама скараціць колькасць дыпламатаў у сваіх пасольствах — адпаведна з 25 да 14 і з 50 да 18, каб „прывесці да парытэту” штат дыппрадстаўніцтваў з беларускімі замежнымі ўстановамі ў гэтых краінах.
„Цалкам відавочна тое, што мы даволі доўга і цярпліва адсочвалі ўсе адкрыта недружалюбныя рухі ў дачыненні да нашай краіны з боку Польшчы і Літвы, — заявіў 2 кастрычніка прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз. — Мы заклікалі да разважлівасці, удумлівай, аб’ектыўнай і глыбокай ацэнкі падзей, якія адбываюцца, да разумення важнасці і лёсавызначальнасці дыялогу з суседзямі, да паважання інтарэсаў грамадзян адзін аднаго, вострай неабходнасці захавання стабільнасці ў рэгіёне”.
Літва і Польшча заявілі, што не плануюць адклікаць паслоў і скарачаць дыпламатычную прысутнасць. У адказ на гэта Глаз папярэдзіў, што прапанова адклікаць паслоў і скараціць штат дыппрадстаўніцтваў абавязковая да выканання.
5 кастрычніка кіраўнік МЗС Літвы Лінас Лінкявічус паведаміў аб адкліканні свайго пасла ў Беларусі для кансультацый. Услед за ім такую заяву зрабіў кіраўнік МЗС Польшчы Збігнеў Рау. У гэты ж дзень паслы Літвы Андрус Пулокас і Польшчы Артур Міхальскі пакінулі Беларусь. 6 кастрычніка Менск пакінуў пасол Германіі Манфрэд Хутэрэр.