Эстонія адзначае Дзень незалежнасці



У Эстоніі ў сераду, 24 лютага, адзначаюць 103-ыя ўгодкі незалежнасці дзяржавы.

З-за распаўсюду захворвання каронавірусам арганізатары святочных мерапрыемстваў папрасілі людзей не наведваць урачыстасці і адзначаць свята дома, у коле сям’і.

Святочныя ўрачыстасці пачаліся ў Таліне з цырымоніі ўздымання дзяржаўнага сцяга на ўзыходзе сонца.

На цырымоніі з прамовамі выступілі спікер парламенту Хен Пыллуас, удзел ва ўрачыстасці ўзялі прэзідэнт Керсці Кальюлайд, прэм’ер міністр Кая Калас.

З-за каронавірусу давялося адмовіцца ад аднаго з сама шматлюдных традыцыйных мерапрыемстваў – параду Сілаў абароны і саюзнікаў па НАТО.

Традыцыйныя зварот прэзідэнта да народу Эстоніі і ўрачысты канцэрт пройдуць на гэты раз у горадзе Пайдэ. Але прэзідэнцкага прыёма і цырымоніі рукапаціскання кіраўніка дзяржавы з запрошанымі гасцямі не будзе.

Увечары ў сталіцы пройдзе яшчэ адно традыцыйнае мерапрыемства: шэсце з паходнямі па вуліцах Старога Таліна, якое арганізоўвае Кансерватыўная народная партыя, а пасля канцэрт на плошчы Свабоды.

Беларускае Радыё Рацыя