Эстонія ўвядзе дадатковыя санкцыі супраць рэжыму Беларусі
Эстонія ўвядзе дадатковыя санкцыі супраць рэжыму Беларусі. Пра гэта прэм’ер-міністр краіны Кая Калас заявіла на прэс-канферэнцыі. Яна адзначыла, што ў Эстоніі даволі вялікі тавараабмен з Беларуссю.
„Той тавар, які перавозіцца цяпер праз Эстонію, не знаходзіцца пад санкцыямі. Але мы павінны абмяркоўваць, наша мэта — аказаць уплыў на рэжымы Беларусі і Расеі. Нам трэба абмеркаваць, як уводзіць і ўжываць санкцыі. Мы вырашылі ўвесці дадатковыя санкцыі, пад якія трапіць тавар, які правозіцца цяпер”, — цытуе словы кіраўніцы ўрада postimees.ee.
Некалькі дзён таму ў краіне ўзнік вялікі палітычны скандал пасля публікацыі журналісцкага расследавання. Яно паказала, што за 2021 год транзіт беларускіх нафтапрадуктаў праз Эстонію вырас утрая ў параўнанні з 2020 годам. Усё гэта адбывалася на фоне міжнародных санкцый супраць беларускага рэжыму, у тым ліку эканамічных. Каментуючы гэты скандал, Калас казала што невыкананне санкцый зніжае міжнародны аўтарытэт Эстоніі.