ЕЦБ захавае экстранае крэдытаванне Грэцыі (абноўлена)



ЕЦБ пацвердзіў, што захавае экстранае крэдытаванне Грэцыі на цяперашнім роўні. Пра гэта было абвешчана па выніках пасяджэння Савета кіраўнікоў Еўрапейскага цэнтральнага банка ў Франкфурце.

МЗС Германіі рэкамендуе ўсім, хто плануе ў бліжэйшы час ехаць у Грэцыю, мець пры сабе дастаткова наяўнасці. Гэта звязана з тым, што ў краіне паўсталі складанасці пры зняцці грошай у банкаматах.

Канцлер ФРГ Ангела Меркель правядзе ў панядзелак, 29 чэрвеня, экстранае пасяджэнне па пытанні грэцкага крызісу.

Кіраўнік грэцкага Цэнтрабанка ў сваю чаргу паабяцаў, што ён будзе рабіць усё, каб „забяспечыць фінансавую стабільнасць” у краіне і пазбегнуць краху грэцкай эканомікі. Міністр фінансаў Грэцыі абвясціў, што цэнтральны банк Грэцыі працягне перамовы з Еўрабанкам.

* * *

Паводле інфармацыі Reuters, рэгулятар еўразоны працягне забяспечваць наяўнасцю банкі Грэцыі, але вылучыць новыя ўмовы для атрымання экстраных крэдытаў.

Паводле непацверджанай інфармацыі, Савет кіраўнікоў Еўрапейскага цэнтральнага банка (ЕЦБ) мае намер працягнуць прадастаўленне грэцкім банкам экстраных крэдытаў ELA, але на больш жорсткіх умовах, паведамляе dw.com. 

Экстраныя перамовы па грэцкай праблеме ў рэжыме тэлеканферэнцыі 28 чэрвеня правядуць таксама краіны G7 і Еўрапейскае ведамства банкаўскага нагляду, паведамляе нямецкае выданне Handelsblatt.

Нагадаем, што ў ноч на 27 чэрвеня прэм’ер-міністр Грэцыі Алексіс Цыпрас абвясціў аб правядзенні рэферэндуму, паклікаўшы грэкаў прагаласаваць супраць патрабаванняў міжнародных крэдытораў. Пасля гэтага міністры фінансаў еўразоны на сустрэчы ў Брусэлі адмовіліся падаўжаць праграму дапамогі Грэцыі. Краіне пагражае дэфолт і выхад з еўразоны.

* * *

Рэгулятар еўразоны прыме рашэнне аб далейшай экстранай дапамозе банкам Грэцыі.

0,,18030810_403,00

Без яе ўжо ў бліжэйшыя дні ў краіне рэзка скароціцца аб’ём наяўных грошай, паведамляе www.dw.com.  Савет кіраўнікоў Еўрапейскага цэнтрабанка (ЕЦБ) правядзе экстраннае пасяджэнне па праблеме Грэцыі.

ЕЦБ ўжо некаторы час падтрымлівае банкаўскі сектар Грэцыі, абараняючы яго ад калапсу. Толькі за апошнія два тыдні ён некалькі разоў пашыраў рамкі экстранага крэдыту ELA. Калі зараз, пасля правалу перамоваў Афін з міжнароднымі крэдыторамі, ЕЦБ вырашыць перакрыць прадастаўленне экстраных крэдытаў грэцкім банкам, то ўжо ў бліжэйшыя дні ў Грэцыі рэзка абмяжуецца колькасць наяўных грошай.

У нядзелю, 28 чэрвеня, рэгулятар еўразоны павінен прыняць рашэнне аб тым, ці будзе ён працягваць экстраную падтрымку банкаў Грэцыі, якія сутыкнуліся з масавым адтокам укладаў.

Да 30 чэрвеня Грэцыя павінна выплаціць крэдыторам 1,6 мільярда еўра. Толькі ў гэтым выпадку Афіны змогуць атрымаць заблакаваны апошні транш (7,2 млрд еўра) з другога пакета фінансавай дапамогі.