Еўрадэпутат Паксас прапануе стварыць экспертную групу для маніторынгу бяспекі БелАЭС



Дэпутат Еўрапарламента, былы прэзідэнт Літвы Раландас Паксас прапануе стварыць міжнародную экспертную групу для маніторынгу бяспекі БелАЭС. Пра гэта ён заявіў вузкаму колу журналістаў 2 мая ў Менску пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам і міністрам энергетыкі Віктарам Каранкевічам.

Паводле слоў Паксаса, ён прыхільнік развіцця ядзернай энергетыкі. „Не сакрэт, што пэўныя палітычныя сілы ў Літве і не толькі выкарыстоўваюць будаўніцтва атамнай станцыі для дасягнення палітычных мэтаў. Я не думаю, што беларусы будавалі б сабе небяспечную станцыю. Гэтая станцыя будзе працаваць, яна не стане небяспечнай”, — сказаў літоўскі палітык у эфіры тэлеканала „Беларусь 1”.

Ён адзначыў, што на сённяшняй сустрэчы Лукашэнка пацвердзіў: працэс праектавання і будаўніцтва электрастанцыі „быў максімальна празрысты і адкрыты”.

Паводле звестак прэс-службы прэзідэнта, на сустрэчы з Паксасам Лукашэнка заявіў, што Беларусь хоча мець мірныя і сяброўскія адносіны з Літвой, аднак літоўскі бок занадта палітызуе тэму будаўніцтва Беларускай АЭС. Гэтая тэма „вельмі актуальная ў Літве і, як мы лічым, вельмі палітызаваная”, падкрэсліў Лукашэнка.

Варта адзначыць, што Паксас прыбыў у Менск паводле ўласнай ініцыятывы. Пасольства Літвы ў Беларусі даведалася пра яго прыезд з паведамленняў СМІ.

БелАЭС узводзіцца пад Астраўцом (Гарадзенская вобласць) за кошт крэдыту Расеі паводле тыпавога расейскага праекта ВВЭР-1200. Крэдытная лінія да 10 млрд долараў на будаўніцтва станцыі адкрытая да 2035 года. Пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца летам 2019 года. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока запланаваны на снежань 2019 года, другога — на ліпень 2020-га. Мяркуецца, што атамная станцыя будзе выпрацоўваць 18 млрд кВт·гадз электраэнергіі штогод.

Праект з самага пачатку яго рэалізацыі выклікаў жорсткую крытыку з боку Літвы. У 2017 годзе літоўскі сейм прыняў закон, згодна з якім БелАЭС прызнаная пагрозай нацыянальнай бяспецы краіны. Літоўскі ўрад не мае намеру купляць электраэнергію з атамнай станцыі і плануе перашкаджаць спробам экспарту электраэнергіі з БелАЭС у Еўразвяз.

БелаПАН