Еўрадэпутат прапанаваў ЕЗ далучыцца да беларуска-расейскіх перамоў па інтэграцыі (абноўлена)
Сталы дакладчык Еўрапарламенту па Беларусі, літоўскі еўрадэпутат Пятрас Аўштрэвічус звярнуўся да новага кіраўніка замежнай палітыкі ЕЗ Жузэпа Бурэля з заклікам арганізаваць трохбаковыя еўрапейска-беларуска-расейскія кансультацыі з нагоды паглыбленай інтэграцыі Беларусі і Расеі. Сустаршыня аргкамітэту па ставарэнні Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі ініцыятыву еўрадэпутата лічыць своечасовай і слушнай:
– Еўразвяз павінен актыўна цікавіцца, што адбываецца на ўсходняй яго мяжы. Ці не адбудзецца паўтарэнне ўкраінскага сцэнару. Я лічу непрымальным такія мэсэнджы, якія прагучалі з вуснаў міністраў замежных спраў Фінляндыі і Швецыі. Нагадаю, яны сказалі, маўляў, беларусы, калі вы не хочаце незалежнасці, хочаце збліжэння з Расеяй, то гэта ваша справа. І гэта было сказана ў дачыненні да ўладаў. Кіраўніцтва можа ўспрыняць іх як дазвол на анексію, і вось такая мягкацеласць можа стварыць небяспеку для самога Еўрапейскага звязу.
Найбольш хвалюе Еўразвяз адсутнасць інфармацыі пра сэнс перамоваў. Наступная сустрэча паміж лідарамі Беларусі і Расеі адбудзецца ўжо 20 снежня 2019 года. Еўрадэпутаты заклікаюць Жузэпа Бурэля разгледзець зварот і зрабіць актыўныя захады без затрымкі, бо, справа важная для абароны інтарэсаў і суверэнітэту Беларусі, а таксама падтрымання далучанасці ЕЗ да працэсаў у суседнім рэгіёне.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Літоўскі еўрадэпутат, пастаянны дакладчык Еўрапарламента па Беларусі Петрас Аўштравічус прапаноўвае арганізаваць трохбаковыя кансультацыі па пытанні паглыблення інтэграцыі Беларусі і Расеі.
Пра гэта гаворыцца ў яго лісце на імя вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазепа Барэля. Копію ліста Аўштравічус апублікаваў на сваім сайце.
Ён падкрэслівае, што Беларусь, якая з’яўляецца адной з краін Усходняга партнёрства, вядзе перамовы з Расеяй аб паглыбленай інтэграцыі, а ў ЕЗ няма ніякай інфармацыі пра гэтыя перамовы.
„Як глабальны гулец, які імкнецца да стабільнага, бяспечнага і квітнеючага суседстве з перавагай прынцыпаў суверэнітэту, павагі да правоў чалавека і поўнага захавання вяршэнства закона, ЕЗ павінен выказаць сваю занепакоенасць і звярнуцца да ўрадаў Беларусі і Расеі з просьбай аб трохбаковых кансультацыях, — адзначыў Аўштравічус. — Такі фармат раней прымяняўся пры абмеркаванні пагаднення аб асацыяцыі паміж ЕЗ і Украінай. Паўторнае прымяненне фармату дазволіць ЕЗ быць цалкам інфармаваным і гарантуе, што прасунутая інтэграцыя паміж Беларуссю і Расеяй не супярэчыць мэтам супрацоўніцтва, устаноўленым паміж ЕЗ і Беларуссю”.
Аўштравічус нагадаў, што наступная сустрэча, на якой кіраўнікі Беларусі і Расеі будуць абмяркоўваць пытанні інтэграцыі, адбудзецца 20 снежня.
„Я заклікаю вас разгледзець прапанаваную ініцыятыву і неадкладна распачаць актыўныя меры, паколькі гэта мае вырашальнае значэнне для абароны інтарэсаў Еўразвяза, суверэнітэту суседняй Беларусі і падтрымання ўдзелу ЕЗ у працэсах, якія адбываюцца ў нашых найбліжэйшых суседзяў”, — гаворыцца ў лісце.