Еўрадэпутат: Расея сама стрэліла сабе ў нагу



„Расея сама стрэліла сабе ў нагу”, – так нашаму радыё пракаментаваў выхад Расеі з дамовы пра звычайныя ўзбраенні ў Еўропе дэпутат Еўрапейскага парламента.

Дамоўленасці 25-гадовай даўніны абмяжоўвалі не толькі Расею ў размяшчэнні войскаў, але і не дазвалялі НАТА павялічваць сваю прысутнасць на тэрыторыі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, мяркуе былы дзяржаўны сакратар польскага МЗС Караль Карскі:

– Гэта дамова была адным з галоўных актаў, якія абмяжоўвалі магчымасць размяшчэння сіл Паўночнаатлантычнага альянсу ў Польшчы. У гэтай сітуацыі зразумела, што калі Расея адмаўляецца ад сваіх міжнародных абавязацельстваў, то іншыя дзяржавы ў адносінах да Расеі такіх абавязкаў таксама мець не будуць.

Расея канчаткова адмовілася ад удзелу ў кансультацыйных групах пра звычайныя ўзброеныя сілы ў Еўропе. У паведамленні расейскага МЗС гаворыцца, што тым самым Масква канчаткова выходзіць з дамовы заключанай у 1990 годзе паміж НАТА і камуністычным вайсковым блокам.

Дамова ўсталёўвала квоты вайсковай прысутнасці на тэрыторыі на еўрапейскім кантыненце.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя