Еўрадэпутат: У Бруселі ад Беларусі не чакаюць гіганцкага прарыву



Ніхто ў Бруселі не чакае ад Беларусі нейкага гіганцкага прарыву, але прагрэс можа быць больш хуткім і адчувальным. Такое меркаванне выказаў у інтэрв’ю БелаПАН кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Богдан Здраеўскі.

„Да цяперашняга часу шмат што адбылося — Грэксіт, Брэксіт, міграцыйны крызіс, пагроза тэрарызму, анексія Крыма, вайна на Данбасе. Беларусь з-за ўсіх гэтых падзей адышла на другі план. Нешта стала больш простым, нешта, наадварот, ускладнілася”.

„У Бруселі ніхто ад Беларусі не чакае нейкага гіганцкага прарыву, не чакае цуду. Але мы ўсе перакананыя, што прагрэс можа ісці хутчэй, быць больш адчувальным”, — сказаў Здраеўскі.

Як адзначыў Здраеўскі, у адносінах з Беларуссю Еўрапарламент прытрымліваецца трох прынцыпаў: „па-першае, захоўваць каналы камунікацыі. Па-другое, не здавацца і захоўваць пэўны націск на Беларусь. І па-трэцяе, не паддавацца залішняму аптымізму або песімізму адносна Беларусі, а заставацца прагматычнымі”, — падкрэсліў еўрадэпутат.

Фота БелТА