Еўрадэпутаты наведаюць з візітам Менск



Азнаямленне з сітуацыяй у Беларусі, а таксама наладжванне кантактаў з афіцыйным Менскам і грамадзянскай супольнасцю – такія мэты ставяць дэпутаты Еўрапейскага парламента ад Еўрапейскай народнай партыі, якія 15 траўня наведаюць з візітам Беларусь.

Еўразвяз

Як паведаміў кіраўнік інфармацыйнага бюро старшыні дэлегацыі Еўрапарламента па справах Беларусі Караль Май, у Менск паедуць чатыры прадстаўнікі найбуйнейшай партыі ў Еўрапарламенце, гэты візіт будзе мець азнаямляльны характар:

– Чатыры дэпутаты: Багдан Здраеўскі, Сандра Калніетэ, спадарыня Калістэр, а таксама італьянец Цірыё. Канчатковай праграмы я яшчэ не маю. Гэта не рабочы візіт, а хутчэй працяг навязвання адносін перадусім з беларускай грамадзянскай супольнасцю, няўрадавымі арганізацыямі з Еўрапейскім Звязам.

Дэлегацыя будзе знаходзіцца ў Беларусі з 15 па 18 траўня. Запланаваныя, сярод іншага, сустрэчы з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, а таксама з прадстаўнікамі, як адзначыў Караль Май, хутчэй міністэрстваў, чым беларускага парламента. Канчатковы спіс сустрэч яшчэ не зацверджаны.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя