Еўрадэпутаты плануюць наведаць з візітам Беларусь
Дэлегацыя Еўрапарламента ў справах Беларусі можа наведаць Беларусь ужо ў чэрвені гэтага года, паведаміў у інтэрв’ю нашаму радыё старшыня дэлегацыі Богдан Здраеўскі.
Ідуць перамовы па гэтым пытанні і ўжо ёсць першыя дамоўленасці:
– Візіт згодна з пажаданнем беларускага боку папярэдне запланаваны на чэрвень гэтага года. Патрабуецца яшчэ пацверджанне з боку асоб адказных за міжнародную супрацу ў Еўрапейскім парламенце. Гэта візіт падчас якога, праўдападобна, будуць абмеркаваныя пэўныя пытанні датычныя малога памежнага руху, магчыма таксама аховы помнікаў ды інш. Ёсць пацверджанне з абодвух бакоў, што такі візіт стане магчымым.
Гэта будзе першы афіцыйны візіт дэлегацыі Еўрапарламента ў справах Беларусі ў Менск. Ранейшыя спробы наведаць Беларусь гэтай дэлегацыяй, калі яе ачольваў Яцэк Пратасевіч або Філіп Качмарэк, не былі ажыццёўленыя. Прычыны адмовы візіту не агучваліся. Неафіцыйна вядома што беларускі бок не пагадзіўся на сустрэчу еўрадэпутатаў з палітычнымі вязнямі.
Беларускае Радыё Рацыя