Еўрадэпутаты ўсё гучней заяўляюць аб неабходнасці Міжнароднага трыбунала над Лукашэнкам
Дэпутаты Еўрапарламента ўсё часцей і гучней заяўляюць аб неабходнасці стварэння Міжнароднага трыбуналу над Аляксандрам Лукашэнкам.
Напярэдадні на пленарным пасяджэнні ў Страсбургу еўрадэпутаты прысвяцілі амаль паўтары гадзіны дэбатам «Аб сітуацыі ў Беларусі пасля аднаго года пратэстаў і іх гвалтоўнага падаўлення», піша DW.
«Усе ведаем, якія злачынствы супраць народа Беларусі ажыццяўляе Лукашэнка, за якія міжнародныя злачынствы ён адказны», –заявіў прадстаўнік Еўрапейскай народнай партыі літовец Андрус Кубілюс. Палітык прапанаваў «неадкладна вынесці злачынствы Лукашэнкі» на разгляд Міжнароднага крымінальнага суда на падставе Чыкагскай канвенцыі (аб міжнароднай грамадзянскай авіяцыі), Манрэальскай канвенцыі (аб уніфікацыі правілаў міжнародных паветраных перавозак) і Канвенцыі супраць катаванняў (ААН)».
Гэтую ідэю падтрымаў і шэраг дэпутатаў з іншых фракцый. У прыватнасці, сацыял-дэмакрат партугалка Ізабель Сантуш адзначыла, што санкцыі накіраваныя толькі на змену палітычных паводзінаў, а вось за «ўчыненыя злачынствы» Лукашэнка, на яе думку, павінен адказваць перад Міжнародным крымінальным судом.
Беларускае Радыё Рацыя