Еўрадэпутаты заклікалі ЕЗ неадкладна ўвесці чацвёрты пакет санкцый да беларускіх уладаў
Неадкладна ўвесці чацвёрты пакет санкцый супраць беларускіх уладаў заклікалі ЕЗ дэпутаты Еўрапейскага парламента — кіраўнік дэлегацыі па сувязях з Беларуссю Роберт Бедрань і спецдакладчык па Беларусі Пятрас Аўштравічус.
„Прайшло амаль дзесяць месяцаў з моманту леташніх ашуканскіх прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі адрэагаваў грубай жорсткасцю і самавольствам на законную барацьбу беларускага народа за свабоду. Як следства, кожны дзень прыносіць нам сумныя навіны”, — адзначаюць парламентарыі. У якасці прыкладаў яны прыводзяць прысуд Паўлу Севярынцу, смерць Вітольда Ашурка, самагубства Дзмітрыя Стахоўскага, затрыманне Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапегі „пасля недапушчальнага і беспрэцэдэнтнага захопу пасажырскага самалёта”, спробу суіцыду Сцяпана Латыпава.
Бедрань і Аўштравічус „рашуча асуджаюць” працяг утрымання пад вартай палітвязняў і далейшае пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. На іх думку, сапраўдны, інклюзіўны нацыянальны дыялог, які вядзе да свабодных і справядлівых выбараў пад кантролем міжнародных назіральнікаў, спыненне дзяржаўнага гвалту і вызваленне ўсіх палітвязняў — адзіны спосаб мірна выйсці з крызісу.
„А пакуль мы заклікаем ЕЗ неадкладна ўвесці чацвёрты пакет санкцый, скіраваных супраць службовых асоб, якія ўдзельнічаюць альбо якія датычныя да фальсіфікацыі выбараў і наступных парушэнняў правоў чалавека, а таксама кампаній, звязаных з рэжымам, у адпаведнасці з высновамі Еўрапейскага савета ў Беларусі ад 24 траўня 2021 года”, — заявілі еўрадэпутаты.
Яны заклікалі Еўрапейскую службу знешніх дзеянняў і пасольствы ў Менску ўважліва сачыць за лёсам палітвязняў, каб прапанаваць ім неабходную падтрымку, і сумесна працаваць дзеля іх найхутчэйшага вызвалення.