Еўрадэпутаты заклікаюць спыніць катаванні ў турмах Беларусі
170 дэпутатаў з 16 еўрапейскіх краінаў падпісалі сумесны ліст, які дашлюць Міністэрству ўнутраных спраў Беларусі і кіраўнікам 48 турмаў у Беларусі, дзе ўтрымліваюцца палітвязні.
Еўрадэпутаты заклікаюць турэмныя адміністрацыі спыніць усе парушэнні правоў зняволеных ва ўсіх месцах няволі ў Беларусі.
«Мы ведаем пра парушэнні асноўных правоў, у якіх адмаўляюць палітвязням у беларускіх следчых ізалятарах, турмах і калоніях. Мы ведаем, што затрыманых змяшчаюць у перапоўненыя памяшканні без належнага адзення, сродкаў асабістай гігіены і пасцельных прыналежнасцяў. Мы ведаем, што вязням адмаўляюць у атрыманні лістоў і пасылак, у сустрэчах з іхнымі сем’ямі і ў доступе да належнага юрыдычнага прадстаўніцтва. Мы ведаем, што зняволеным, якія маюць патрэбу ў медычнай дапамозе, часта адмаўляюць у доступе да лекараў і неабходных леках, а палітычных зняволеных адпраўляюць у карцары для аказання на іх ціску за іхныя палітычныя погляды.
Мы заклікаем вас спыніць гэтыя злоўжыванні і парушэнні правоў зняволеных ва ўсіх вашых месцах утрымання пад вартай. Бесчалавечнае абыходжанне з вашымі зняволенымі, пра якое мы так часта чуем і ведаем, непрымальнае».