Еўрадэпутаты заклікаюць знізіць візавы збор за шэнгенскую візу для беларусаў „да сімвалічнай сумы”
Дэпутаты Еўрапарламента заклікаюць Еўракамісію знізіць візавы збор за шэнгенскую візу. Гаворка пра гэта ідзе ў лісце, які група з 20 еўрадэпутатаў накіравала камісару па еўрапейскай палітыцы суседства і перамовах аб пашырэнні Оліверу Вархею.
Дэпутаты падкрэсліваюць важнасць паглыблення міжасобасных кантактаў паміж грамадзянамі Беларусі і дзяржаў — членаў ЕЗ.
„Летась, усяго за месяц да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, мы віталі пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі з Беларуссю, — гаворыцца ў лісце. — Тады ж мы выказалі заклапочанасць тым, што збор у 35 еўра за апрацоўку візавай заявы для беларускага народа пры мінімальнай зарплаце меншай за 200 еўра — гэта выклік. Гэтую нашу перакананасць яшчэ больш умацавалі цяперашнія абставіны, якія ўключаюць у сябе жорсткасць і пераслед з боку рэжыму Лукашэнкі, што ў многіх выпадках прыводзіць да спынення працоўных стасункаў, адлічэнняў студэнтаў з навучальных устаноў і накладання вялікіх штрафаў або нават турэмнага зняволення за падтрымку дэмакратычных пратэстаў. Існы візавы збор ЕС для беларусаў, якія імкнуцца захаваць свае сувязі з ЕЗ, занадта высокі і павінен быць зніжаны да сімвалічнай сумы”.
У лісце адзначаецца, што беларускія грамадзяне ў параўнанні з грамадзянамі іншых краін Усходняга партнёрства ў 2018—2019 гадах атрымлівалі найбольшую колькасць шэнгенскіх віз на душу насельніцтва.
„Аднак у апошнія два-тры гады колькасць віз, што выдаюцца беларусам, скарачаецца. У сувязі з пандэміяй COVID-19 і палітычным рашэнні Лукашэнкі аб закрыцці беларускіх межаў для пасажырскіх перавозак з краінамі — членамі ЕЗ (Латвіяй, Літвой і Польшчай) прагнозы на будучыню не аптымістычныя, — гаворыцца ў лісце. — Мы просім вас звярнуць увагу на рызыку зніжэння міжасобасных кантактаў і прыняць актыўныя меры па падтрыманні і ўмацаванні эканамічных, культурных і навуковых сувязей беларускага народа з грамадзянамі краін ЕЗ. Зніжэнне візавага збору да сімвалічнай сумы ў святле пагаршэння ўзроўню жыцця ў Беларусі стала б моцным сігналам падтрымкі Еўрапейскім саюзам беларускага народа ў яго барацьбе за дэмакратыю. Гэта таксама дало б адпор прапагандзе рэжыму Лукашэнкі супраць ЕЗ”.