Еўракамісар Хан: ЕЗ вызначыў новыя межы пазітыўнага ўзаемадзеяння з Беларуссю



У шасці краін — удзельніц Усходняга партнёрства (УП) ёсць розныя амбіцыі і розныя імкненні ва ўзаемадзеянні з Еўрасаюзам, заявіў еўракамісар па еўрапейскай палітыцы суседства і перамовах аб пашырэнні ЕЗ Ёханес Хан на канферэнцыі высокага ўзроўню з нагоды 10-годдзя УП 14 мая ў Бруселі.

„Разам з тым, — дадаў ён, — у нас ёсць новыя двухбаковыя дамоўленасці: шэраг пагадненняў аб асацыяцыі, аб паглыбленым гандлі з Украінай, Малдовай і Грузіяй, якія ўмацоўваюць нашы сацыяльна-эканамічныя сувязі. Таксама ў нас ёсць індывідуальныя дамовы з Арменіяй, ідуць перамовы пра новае пагадненне з Азербайджанам. З Беларуссю мы вызначылі новыя межы нашага пазітыўнага ўзаемадзеяння”.

Паводле слоў Хана, Усходняе партнёрства стала „ўнікальным інклюзіўным фарматам для ўсіх шасці партнёраў”, які дазваляе „вырашаць пытанні, што цікавяць усіх, і працаваць над агульнымі каштоўнасцямі” па чатырох асноўных напрамках: дэмакратыя, добрасумленнае кіраванне і вяршэнства права; эканамічнае развіццё і рынкавыя магчымасці; узаемадзеянне ў галіне энергетыкі, транспарту, аховы навакольнага асяроддзя і супрацьдзеянне змене клімату, лічбавыя тэхналогіі; мабільнасць і кантакты паміж народамі.

Еўракамісар адзначыў, што УП мела на мэце стварыць „асяроддзе, межы, якія спрыяюць прасоўванню эканомікі і павышаюць узровень жыцця грамадзян у краінах суседства”. „Да стварэння больш устойлівых і прывабных грамадстваў у нашым суседстве мы і ішлі. Да гэтага прывязаныя шэраг канкрэтных вынікаў нашых намаганняў”, — сказаў ён.

Хан падкрэсліў, што эканамічнае развіццё, апрача іншага, звязанае „з інвеставаннем у людзей, асабліва ў моладзь”. Ён перакананы, што гэта „найлепшая інвестыцыя, якая заўсёды акупляецца”.

„Мы працавалі над тым, каб зблізіць ЕС і грамадства ўсходніх партнёраў для таго, каб моладзь магла паляпшаць свае навыкі. Мы пераконваем моладзь з Еўрасаюза ехаць у краіны суседства, бо без рэальнага разумення сітуацыі мы не здолеем палепшыць наша суіснаванне”, — дадаў еўракамісар.

Хан перакананы, што ва ўсіх кірункаў развіцця адносінаў паміж Еўрасаюзам і краінамі Усходняга партнёрства „ёсць яшчэ велізарны патэнцыял”.

belapan.by

Фота EU Neighbours