Еўракамісар Хан сустрэўся з Лукашэнкам
Еўракамісар па еўрапейскай палітыцы суседства і перамоў аб пашырэнні ЕЗ Ёханэс Хан сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам, перадае БЕЛТА.
„Нельга дапусціць, каб „Усходняе партнёрства” стала чыста палітызаванай арганізацыяй. І не дай бог паставіць за мэту перад краінамі „Усходняга партнёрства”, каб гэты пояс стаў падзяляльнай зонай паміж Еўразвязам і Расеяй, Кітаем, Усходам „, – падкрэсліў Лукашэнка.
Як адзначыў еўракамісар, падчас візіту будзе нададзена ўвага такім пытанням, як узаемадзеянне па рознай тэматыцы паміж Беларуссю і Еўразвязам, у тым ліку рэгіянальнаму супрацоўніцтву і сумесна дасягнутаму прагрэсу ў рэалізацыі дакумента „20 канкрэтных задач да 2020 года”. У цэнтры ўвагі бакоў таксама перспектыўныя напрамкі развіцця гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва, умацаванне палітычнага дыялогу.
У апошнія гады адносіны з ЕЗ развіваюцца пазітыўна. Еўразвяз з’яўляецца другім па значнасці рынкам для беларускага экспарту. Развіваецца супрацоўніцтва і па лініі міжнародных банкаўскіх структур. Так, яшчэ ў верасні 2016 года пры падтрымцы ЕЗ была зацверджана новая Стратэгія Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) для Беларусі на 2016-2019 гады.
ЕЗ адмяніў квоты на імпарт беларускага тэкстылю. З 2016 года размарожаныя перамовы з ЕЗ аб уступленні Беларусі ў СГА. Бакі таксама падпісалі Дэкларацыю аб Партнёрстве дзеля мабільнасці, узгадняецца пералік сумесных праектаў. Вядуцца перамовы з ЕЗ аб заключэнні пагадненняў аб спрашчэнні візавых працэдур і аб рэадмісіі.
Непасрэдна перад перамовамі на вышэйшым узроўні адбылася сустрэча Ёханэса Хана з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем. Кіраўнік МЗС адзначыў пазітыўную дынаміку ў адносінах паміж Беларуссю і ЕЗ за мінулы год. „Мы маем намер сказаць пра некаторыя адчувальныя моманты. Гэта добрая магчымасць іх абмеркаваць”, — сказаў Макей.
У сваю чаргу, еўракамісар Хан падзякаваў беларускаму боку за магчымасць ажыццявіць візіт у Менск. Паводле яго слоў, на перамовах гаворка пойдзе як аб развіцці ініцыятывы „Усходняе партнёрства”, так і аб узаемадзеянні з Беларуссю ў розных сферах.