Пацяпленне адносін на лініі Брусель – афіцыйны Менск (абноўлена)
Некаторыя апазіцыйныя палітыкі прагназуюць пацяпленне адносін на лініі Брусель – афіцыйны Менск. Такія галасы з’явіліся пасля сустрэч беларускіх уладаў і дэмакратычнай апазіцыі з еўракамісарам па пашырэнні і палітыцы добрасуседства – Яханэсам Ханам.
Як адзначыў у нашым эфіры палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі, хутчэй за ўсё можна гаварыць не пра пацяпленне, а пра нармалізацыю адносін:
– Беларускаму боку гэта ўдалося, але гэта вялікі ўплыў ўкраінскіх падзеяў. Беларускі бок настойваў уключыць у павестку пытанне гандлёва-эканамічнае. Як бы там спадар Хан не пачынаў казаць, што памятае пра палітзняволеных у Беларусі, на самай справе складаецца такое ўражанне, што Лукашэнка ім больш патрэбны, чым Лукашэнку Еўразвяз.
“Цяпер на першы план для Еўропы выходзяць іншыя каштоўнасці – перадусім геапалітыка”, – мяркуе шэф-рэдактарка „Народнай волі”, Святлана Калінкіна:
– І канфлікт ва Украіне, у якім Беларусь займае нейтральную пазіцыю. Каб захаваць гэтую нейтральную пазіцыю, каб Беларусь не перайшла на бок Расеі, не далучылася да гэтага канфлікту, сама не стала гарачай кропкай Еўропа шмат на што гатовая закрыць вочы, шмат што гатовая дараваць Аляксандру Лукашэнку.
Падчас свайго візіту ў Менск еўракамісар па пашырэнні і палітыцы добрасуседства сустрэўся з беларускай апазіцыяй, а таксама афіцыйнымі ўладамі, у прыватнасці кіраўніком дыпламатыі Уладзімірам Макеем і Аляксандрам Лукашэнкам.
Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Чакаецца таксама, што ў траўні ў Беларусь прыедзе дэлегацыя еўрапарламенту па справах Беларусі.
На думку сустаршыні Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, Віталя Рымашэўскага, апошнія падзеі паказваюць, што чарговыя візіты еўрапейскіх палітыкаў не вядуць да лібэралізацыі:
– Супрацоўніцтва з беларускім рэжымам падаўжае тэрміны беларускіх палітвязняў. Што атрымалася з Юрыям Рубцовым? Падчас візіту дэлегацыі яму далі новы тэрмін. А з Мікалаем Статкевічам? Напярэдадні візіту ён можа атрымаць новы тэрмін альбо пагаршэнне ўмоваў. Гэта факты. Таму такая безумоўная супраца адчыняе дзверы вязініц для новых палітвязняў і працягве тэрмін іх знаходжання за кратамі.
Гэта чарговы афіцыйны візіт высокага еўрапейскага чыноўніка ў беларускую сталіцу.
Лідар Руху „За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч лічыць, што палітыка ізаляцыі не прынесла поспеху.
„Я за крытычны і абумоўлены дыялог”, – так пра адлігу ў адносінах Менска і Бруселя гаворыць Аляксандр Мілінкевіч:
– З дэмакратыяй лепей сітуацыя не стала, але і горш не стала, прыкладна, статус-кво. Але я скажу, што ў беларускай гісторыі палітвязняў вызвалялі толькі, калі быў шанец на дыялог з Еўропаю. Не тады, калі санкцыі хтосьці ўводзіў, тады не вызвалялі вязняў ні разу. А быў выпадак, калі 8 палітвязняў вызвалілі адразу, пасля візіту Саланы, калі пачынаўся дыялог.
На 15-га красавіка графікам еўракамісара запланаваная сустрэча з Алесем Бяляцкім. З кім яшчэ будзе сустракацца чыноўнік, пакуль невядома.
Апошні раз еўракамісар па пытаннях пашырэння і палітыцы добра-суседства наведваў Беларусь у 2010-м годзе.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя