Еўракамісар Ёхансан: Увесь Еўразвяз падтрымлівае Літву



Увесь Еўрапейскі Звяз падтрымлівае Літву ў справе аховы агульнай для аб’яднання мяжы з Беларуссю, заявіла еўракамісар унутраных спраў Ілва Ёхансан 2 жніўня на прэс-канферэнцыі ў літоўскім урадзе.

„Гэта правакацыя рэжыму Лукашэнкі (гаворка пра павелічэнне потокаў нелегальных мігрантаў з боку Беларусі. — БелаПАН.), і мы павінны паказаць, што няма вольнага доступу на тэрыторыю ЕЗ, — цытуе еўракамісара партал навін Delfi. — Літва, ЕЗ, краіны Шэнгена павінны спыніць нелегальны доступ у Шэнгенскую прастору. Вось чаму мы, увесь ЕЗ, падтрымліваем Літву, каб мы маглі абараняць нашу агульную мяжу з Беларуссю”.

Ёхансан прыбыла ў Літву напярэдадні, каб азнаёміцца з сітуацыяй, звязанай з міграцыйным крызісам. 2 жніўня яна сустрэлася з прэзідэнтам Гітанасам Наўседам і прэм’ер-міністрам Інгрыдай Шыманіце. Еўракамісар таксама мае намер сустрэцца з прадстаўнікамі Службы аховы дзяржаўнай мяжы, супрацоўнікамі Еўрапейскай службы памежнай і берагавой аховы (Frontex) і Еўрапейскага агенцтва па пытаннях давання прыстанку (EASO), якія знаходзяцца ў Літве.

1 жніўня ў Ёхансан адбылася сустрэча з кіраўніком літоўскага МУС Агне Білатайце. Еўрачыноўнік заявіла, што Літва сутыкнулася з выключнай формай агрэсіі, і запэўніла, што ЕЗ знойдзе сродкі і шляхі вырашэння праблемы нелегальных мігрантаў.

Ёхансан ухваліла рашэнне Вільнюса збудаваць фізічны бар’ер на мяжы і паабяцала адшукаць магчымасці для павелічэння фінансавання мерапрыемстваў па пераадоленні крызісу. Еўракамісар заявіла, што ЕЗ будзе падтрымліваць Літву не толькі фінансава, але і ў перамовах з краінамі паходжання нелегалаў для пошуку выйсця з крызісу.

„Літва супрацьстаіць гібрыднай агрэсіі, скіраванай не толькі на Літву, але і на ўвесь Еўрапейскі саюз і яго фундаментальныя дэмакратычныя каштоўнасці, — заявіла ў сваю чаргу Білатайце. — Літва прыкладае ўсе намаганні для вырашэння пытання, але нам таксама патрэбная падтрымка і салідарнасць іншых членаў ЕЗ”.

Паводле слоў міністра, спыніць большасць нелегальных мігрантаў, многія з якіх імкнуцца трапіць далей у Заходнюю Еўропу, дазволіць комплекснае рашэнне, што ўключае абсталяванне плота, інтэлектуальнае назіранне за мяжой, узмоцнены памежкантроль разам з саюзнікамі па ЕЗ. „Для гэтага нам патрэбная фінансавая падтрымка. Толькі рэалізацыя тэхнічных мерапрыемстваў можа запатрабаваць да 500 млн еўра”, — адзначыла Білатайце.

Літва разлічвае на дадатковую дапамогу з Фонду прыстанку, міграцыі і інтэграцыі ЕЗ. Еўракамісія абяцала ад 10 да 12 млн еўра, якія павінны паступіць у жніўні. У цэлым для барацьбы з крызісам, згодна з разлікамі літоўскіх уладаў, сёлета запатрабуецца да 100 млн еўра, у 2022 годзе — да 300 млн.

З-за рэзкага павелічэння колькасці нелегальных мігрантаў урад Літвы 2 ліпеня абвясціў экстрэмальнае становішча на нацыянальным узроўні. Кіраўніцтва краіны неаднаразова наўпрост абвінавачвала беларускія ўлады ў садзейнічанні росту нелегальнай міграцыі. Да аховы мяжы прыцягнулі сілы іншых літоўскіх ведамстваў, войска, дапамогу аказваюць прадстаўнікі Frontex і памежнікі Эстоніі.

Паводле звестак Дэпартамента статыстыкі Літвы, за мінулыя суткі мяжу Літвы з боку Беларусі перайшлі 287 нелегальных мігрантаў. З пачатку 2021 года на літоўска-беларускай мяжы перахопленыя 3.832 мігранты — у 47,3 разу больш, чым за ўвесь 2020-ты (81).

Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю тэлеканалу Sky News Arabia (ААЭ) 19 ліпеня заявіў, што ў Літве ёсць „групоўкі злачыннага характару, чыё дачыненне да нелегальнай міграцыі ўяўляецца відавочным”. „Мы бачым. Чаму яны гэтага не бачаць? Як толькі яны ліквідуюць гэтыя групоўкі, якія за грошы прывозяць у Літву нелегальных мігрантаў, нелегальная міграцыя ў Літву будзе ніжэйшая, чым летась. Адзінкі будуць. Таму хай пачынаюць працаваць. Калі ім патрэбная будзе дапамога, мы гэтую дапамогу ім акажам, але ўжо не бязвыплатна”, — сказаў ён.

„Я б сказаў: факты на стол, што мы спрыяем нелегальнай міграцыі грамадзян трэціх краін у Літву. Ніхто нам такія факты, што мы заахвочваем або спрыяем гэтай міграцыі, на стол не паклаў. Тое, што цераз тэрыторыю Беларусі нелегальная міграцыя ажыццяўляецца ў суседнія краіны Захаду, — гэта праўда”, — заявіў Лукашэнка. Ён параіў заходнім краінам шукаць прычыны росту нелегальнай міграцыі „ў сябе, на сваёй тэрыторыі”, перш чым папракаць Беларусь.

belapan.by