Еўрапарламент абмеркаваў сітуацыю ў Беларусі
Сітуацыя ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў сёння абмяркоўвалася ў Еўрапарляменце. Дэпутаты асудзілі рэпрэсіўныя дзеянні ўладаў і выказалі падтрымку грамадзянскай супольнасці Беларусі. Як адзначыў падчас паседжання літоўскі еўрадэпутат Андрус Кубілюс „пасля 26 гадоў аўтарытарнай ролі Аляксандра Лукашэнкі беларускі народ гучна патрабуе рэальных перамен у сваёй краіне”.
– Пасля 26 гадоў кіравання краінай Аляксандрам Лукашэнкам беларускі народ гучна патрабуе зменаў ва ўладзе. І гэта можа здарыцца 9 жніўня на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі. Сёння сітуацыя адрозніваецца ад мінулых выбарчых кампаній. Незалежныя даследаванні паказваюць, што больш за 50% грамадзян хочуць рэальных змен і толькі меншасць выступае за тое, каб Лукашэнка застаўся ва ўладзе.
Як мяркуе Андрус Кубілюс, ад Еўрапарламента сёння павінны ісці „тры гучныя і ясныя пасланні”. „Па-першае, для грамадзян Беларусі: мы салідарныя з вамі і вашымі патрабаваннямі перамен, і мы будзем бараніць ваша права прыняць рашэнне аб змене вашай краіны, каб стаць нармальнай еўрапейскай дэмакратычнай краінай. Па-другое, дакладнае пасланне для Лукашэнкі і яго наменклатуры: калі 14 ліпеня апазіцыйныя кандыдаты не будуць зарэгістраваныя, калі палітвязні і кандыдаты не будуць вызваленыя, калі людзей на вуліцах па-ранейшаму будуць пераследаваць і запалохваць, то будуць санкцыі, персанальныя санкцыі. І па-трэцяе, пасланне для нас саміх: мы павінны абараніць правы нашых суседзяў”, — заявіў літоўскі еўрадэпутат Андрус Кубілюс.
Еўрадэпутаты запатрабавалі вызваліць палітычных зняволеных. Некаторыя выступоўцы заклікалі Еўразвяз увесці санкцыі ў дачыненні да прадстаўнікоў беларускіх уладаў. Старшыня дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Роберт Бедрань заявіў, што беларусы зноў пазбаўленыя права выбару і звярнуў увагу на шматлікія факты парушэння правоў чалавека ў нашай краіне:
– Наша пасланне прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку яснае: мы патрабуем неадкладнага вызвалення ўсіх незаконна затрыманых падчас выбарчай кампаніі. У самым сэрцы Еўропы фундаментальныя правы нашых суседзяў – беларусаў – зноў парушаюцца ўладамі. Таму мы з імі. Жыве Беларусь!
Да таго ж Роберт Бедрань заявіў, што «рашуча асуджае затрыманні мірных дэманстрантаў і патрабуе вызвалення палітвязняў».
Ён чакае ад вярхоўнага прадстаўніка Еўразвязу ў замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэпа Барэля адказу на пытанне: якая стратэгія ЕЗ у дачыненні да Беларускі будзе апраўданай, а калі такой стратэгіі няма, то Бедрань лічыць неабходным падрыхтаваць адпаведную рэзалюцыю ў бліжэйшыя тыдні.
Па словах дакладчыка Еўрапарламента аб Беларусі, дэпутата ад Літвы Пятраса Аўштравічуса, сур’ёзныя парушэнні на парламенцкіх выбарах былі зафіксаваныя БДІПЧ АБСЕ, такая ж схема ўжываецца на сёлетніх прэзідэнцкіх выбарах:
– Сёння мы бачым у Беларусі чарговую імітацыю выбараў. Беларускі рэжым зноў выкарыстоўвае палітыку рэпрэсій і масавых арыштаў. Падчас сёлетняй выбарчай кампаніі мірыня пратэсты заканчваюцца выкраданнем людзей пры ўдзеле КДБ. Галоўныя канкурэнты Аляксандра Лукашэнкі Віктар Бабарыка і Сяргей Ціханоўскі застаюцца за кратамі. Зноў трапіў у зняволенне былы кандыдат у празідэнты Мікалай Статкевіч. Паўлу Севярынцу зноў працягнулі тэрмін зняволення. Санкцыі да беларускага рэжыму былі знятыя ў 2016 годзе. А цяпер зноў трэба ўздымаць гэтае пытанне.
Як дадае Пятрас Аўштравічус, каб перамагчы, беларускі рэжым гатовы выкарыстоўваць усе сродкі, нават спяшацца з запускам Астравецкай атамнай электрастанцыі, якая не адпавядае міжнародным стандартам ядзернай бяспекі. Яшчэ адным прыкладам абыякавасці беларускага рэжыму да свайго народу Пятрас Аўштравічус назваў адмаўленне небяспекі COVID-19. Беларускія ўлады праігнаравалі рэкамендацыі САЗ і праз правакацыйныя паводзіны ў арганізацыі масавых мерапрыемстваў, вывелі Беларусь на вяршыню спісу найбольш заражаных краін Еўропы.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: zen.yandex.ru