Еўрапарламент падаў у гаагскі суд заяву на акупацыю Крыма



Еўрапарламент афіцыйна падаў у Міжнародны крымінальны суд у Гаазе заяву, якая ініцыюе расследаванне расейскай акупацыі Крыма, а таксама  частак Луганскай і Данецкай абласцей.

Больш падрабязна – наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

Сам факт падачы заявы ў Міжнародны трыбунал не азначае, што такая заява будзе разгледжаная аўтаматычна і што судовыя паседжанні распачнуцца ў хуткім часе. Але юрыдычныя дзеі Еўрапарламента сведчыць, што ў Страсбургу больш не трактуюць падзеі ў зоне Антытэрарыстычнай аперацыі як “грамадзянскую вайну”.

Украінскі міністр юстыцыі Павел Пятрэнка паведаміў, што ініцыятыва еўрадэпутатаў мае для ўкраінскіх грамадзянаў і практычны бок. “Цяпер нашыя грамадзяне змогуць праз суд патрабаваць ад Расеі кампенсацыі за страту маёмасці, катаванні, іншыя парушэнні правоў чалавека”, – мяркуе міністр.

На думку высокапасадоўца, перададзеных у Гаагу доказаў дастаткова, каб пачаць супраць расейскіх уладаў крымінальныя справы. У першую чаргу, мяркуе Пятрэнка, да крымінальнай адказнасці неабходна прыцягнуць прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна і ягоных бліжэйшых паплечнікаў.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя, Украіна