Еўрапарламент разгледзіць пытанне палітычнага складніку ў прысудзе анархістам
Еўрадэпутаты вывучаць сітуацыю з жорсткімі прысудамі ў Менску анархістам Мікіту Емяльянаву і Івану Камару, заявіў журналістам на брыфінгу ў беларускай сталіцы намеснік старшыні дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Вальдэмар Тамашэўскі.
Нагадаем, анархістаў засудзілі на 7 гадоў кожнага за акцыі ля Менгарсуда і СІЗА на Валадарскага, якія матэрыяльна ацэненыя самімі ўладамі ў суму, меншую за 100 даляраў.
Пры гэтым еўрадэпутат падкрэсліў, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі, у прыватнасці з наяўнасцю палітвязняў, мяняецца да лепшага. «З’явіўся дыялог», – сказаў ён.
– Дэлегацыя Еўрапарламенту заўсёды звяртае ўвагу на пытанне павагі да правоў чалавека. І ў нас ёсць чаканні, каб сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі паляпшалася. Ёсць вопыт папярэдніх гадоў, калі з 2009 па 2014 год у Беларусі было шмат палітвязняў – прадстаўнікаў апазіцыі. У нас не было ніякіх кантактаў з уладамі.
Пастаянны дакладчык Еўрапарламента па Беларусі Пятрас Аўштравічус у сваю чаргу заўважыў, што ў Еўразвязе па-ранейшаму адзначаюць абмежавальную практыку прымянення заканадаўства ў дачыненні да апазіцыі ў Беларусі.
Акрамя таго, Аўштравічус заклікаў урад Беларусі спыніць жорсткае прымяненне сумнавядомга артыкула 328 Крымінальнага кодэкса «Незаконны абарот наркатычных сродкаў», бо «гэты артыкул у першую чаргу накіраваны на падлеткаў і не дае развіваць свабоду ў грамадстве».
Cяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск