Еўрапарламент ухваліў пагадненне паміж ЕЗ і Беларуссю аб спрашчэнні візавага рэжыму



Еўрапарламент 13 мая ўхваліў пагадненні паміж Еўразвязам і Беларуссю аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. Відэатрансляцыя пасяджэння вялася на сайце ЕП.

За пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму прагаласавалі 634 дэпутаты, супраць – 48, устрымаліся – 4.

За пагадненне аб рэадмісіі прагаласавалі 560 дэпутатаў, супраць – 117, устрымаліся – 13.

Цяпер пагадненні павінен зацвердзіць Савет ЕЗ.

Прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз паведаміў БелаПАН, што Беларусь чакае завяршэння ўсіх неабходных унутраных працэдур у ЕЗ. «Як і прадугледжана, пагадненні набудуць моц у першы дзень другога месяца пасля атрымання адпаведнага паведамлення ад еўрапейскага боку», – сказаў ён.

Паводле слоў Глаза, Менск ужо апавясціў Брусель аб завяршэнні ўсіх ратыфікацыйных працэдур па гэтых пагадненнях са свайго боку.

Пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі былі падпісаныя 8 студзеня 2020 года ў Бруселі.

Законы аб ратыфікацыі пагадненняў былі прынятыя Палатай прадстаўнікоў і ўхваленыя Саветам Рэспублікі 2 красавіка. Аляксандр Лукашэнка падпісаў іх 9 красавіка, завяршыўшы працэдуру ратыфікацыі.

У адпаведнасці з пагадненнем аб спрашчэнні візавага рэжыму кошт кароткатэрміновых шэнгенскіх віз для беларускіх грамадзян зніжаецца з 80 да 35 еўра. Скарачаецца спіс дакументаў, якія неабходна падаць пры звароце па візы, прадугледжваецца магчымасць выдачы шматразовых віз на тэрмін ад аднаго да пяці гадоў. Час прыняцця рашэння аб выдачы візы скароціцца да 10 дзён, многія катэгорыі грамадзян змогуць звяртацца па бясплатную візу.

Пагадненне аб рэадмісіі прадугледжвае, што Беларусь і Еўразвязу павінны ажыццяўляць зваротны прыём на сваю тэрыторыю ўласных грамадзян, грамадзян трэціх дзяржаў і асоб без грамадзянства, якія не адпавядаюць альбо перасталі адпавядаць крытэрыям легальнасці на тэрыторыях адзін аднаго. У пагадненні замацавана прадастаўленне Беларусі двухгадовага пераходнага перыяду ў дачыненні да рэадмісіі грамадзян трэціх краін. У сумеснай дэкларацыі да пагаднення ўтрымліваецца абавязацельства ЕЗ аб аказанні краіне тэхнічнай і фінансавай падтрымкі ў гэтай галіне.

БелаПАН