Еўрапарламент заклікаў «неадкладна прыняць» пяты пакет санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі
Еўрапарламент заклікаў «неадкладна прыняць» пяты пакет санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі. Сярод іншага, прапануецца ўвядзенне дадатковых мераў у дачыненні да такіх сектараў прамысловасці як сталь і драўніна, пад санкцыі могуць трапіць усе дзяржаўныя банкі і ключавыя кампаніі, як “Беларуськалій” і “Белтэлекам”.
Палітычны аналітык Валерый Карбалевіч у нашым эфіры выказаў меркаванне, што ўлады Беларусі самі справакавалі чарговыя санкцыі:
– Пяты пакет санкцый ёсць адказ Еўрапейскага звязу на міграцыйны крызіс, справакаваны ўладамі Беларусі, які разгараецца. І ўжо новыя рэкорды – 600 мігрантаў, было паведамленне з польскіх крыніц, спрабавала перасекчы беларуска-польскую мяжу. Таму ў адказ на гэтыя дзеянні з’яўляецца гэты новы пакет.
У дакуменце рэзалюцыі па Беларусі Еўрапейскі парламент падтрымлівае стварэнне ў Гаазе Міжнароднага трыбунала па парушэннях правоў чалавека ў Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя