Еўрапарламент заклікаў тэрмінова ўвесці санкцыі ў дачыненні да Беларусі
Еўрапарламент заклікае Савет Еўрасаюза да ўвядзення ў тэрміновым парадку эканамічных санкцый у дачыненні да рэжыму Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў рэзалюцыі па Беларусі, якую 10 чэрвеня ўхваліў Еўрапарламент на сесіі ў Страсбургу.
За прыняцце дакумента прагаласавалі 626 дэпутатаў, супраць — 16, устрымаліся 36.
У рэзалюцыі гаворыцца, што Еўрапарламент „рашуча асуджае захоп і вымушаную пасадку рэйса FR4978 авіякампаніі Ryanair у Мінску 23 мая і затрыманне беларускімі ўладамі журналіста Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапегі”. Еўрапарламент лічыць гэты „жудасны інцыдэнт парушэннем міжнароднага права, якое ўяўляе сабой акт дзяржаўнага тэрарызму”.
У рэзалюцыі ўтрымліваецца заклік да неадкладнага і безумоўнага вызвалення Пратасевіча і Сапегі, а таксама ўсіх іншых журналістаў і палітычных зняволеных у Беларусі.
З улікам абмежавальных мер для беларускіх авіякампаній на выкарыстанне паветранай прасторы ЕС Еўрапарламент рэкамендуе Савету Еўрасаюза „распрацаваць план, які аблегчыць спробы беларусаў пакінуць краіну”.
„Еўрапарламент заклікае да дбайнай ацэнкі наступстваў выкрадання [двух пасажыраў] з перахопленага грамадзянскага самалёта не толькі для міжнароднага паветранага транспарту і бяспекі палётаў, але і для агульнай бяспекі ў Еўропе і бяспекі беларускіх і іншых грамадзян, якія высланыя [з Беларусі] або шукаюць прытулку ў дзяржавах — членах ЕС, — гаворыцца ў рэзалюцыі. — Еўрапарламент падкрэслівае, што падчас такога расследавання павінна быць вывучаная магчымая роля Расіі ў тэрарыстычных актах, учыненых беларускім рэжымам. Калі будзе палічана, што гэта мела месца, любы грамадзянін Расіі, які прама ці ўскосна мае дачыненне да аперацыі, павінен падпасці пад санкцыі ў адпаведнасці з глабальным рэжымам санкцый ЕС у сферы правоў чалавека”.
У дакуменце таксама падкрэсліваецца, што Еўрапарламент „зноў заяўляе пра сваё непрызнанне Аляксандра Лукашэнкі прэзідэнтам Беларусі” і лічыць цяперашні рэжым у Беларусі „нелегітымным, незаконным і злачынным”. Еўрапарламент працягвае падтрымліваць беларускі народ „у яго законных патрабаваннях і памкненнях да свабодных і справядлівых выбараў, асноўных свабод і правоў чалавека, дэмакратычнага прадстаўніцтва, палітычнага ўдзелу і годнасці” і асуджае рэпрэсіі ў дачыненні да тысяч беларусаў, якія мірна пратэставалі ў абарону свайго права на свабоду, дэмакратыю і годнасць.
„Еўрапарламент рашуча асуджае і патрабуе неадкладнага спынення гвалту і рэпрэсій з боку дзяржаўных органаў у Беларусі, у тым ліку незаконных затрыманняў, катаванняў і жорсткага абыходжання ў месцах утрымання пад вартай, а таксама крымінальнага пераследу мірных грамадзян, і выказвае сваю падтрымку і салідарнасць з беларускім грамадствам”, — гаворыцца ў рэзалюцыі.
Еўрапарламент таксама асуджае „жорсткія і несправядлівыя судовыя прысуды”, нядаўна вынесеныя шматлікім палітычным зняволеным, у тым ліку апазіцыйнаму лідару Паўлу Севярынцу, актывістам Яўгену Афнагелю, Андрэю Войнічу, Паўлу Юхневічу, Дзмітрыю Казлову, Максіму Вінярскаму і Ірыне Шчаснай падчас закрытага судовага працэсу ў Магілёве. Еўрапарламент асуджае і „судовыя працэсы над такімі апазіцыйнымі дзеячамі дэмакратычнай Беларусі, як Віктар Бабарыка, Мікалай Статкевіч і Сяргей Ціханоўскі”.
У рэзалюцыі гаворыцца пра важнасць працы незалежных СМІ і журналістаў і той ролі, якую яны іграюць у беларускім грамадстве. „Еўрапарламент асуджае задушэнне СМІ, а таксама збіццё, арышты і запалохванні журналістаў і блогераў і падкрэслівае права народа Беларусі на бесперашкодны доступ да інфармацыі”, — адзначаецца ў рэзалюцыі.
Еўрапарламент таксама асуджае „рэпрэсіі і варожыя дзеянні ўладаў у дачыненні да прадстаўнікоў польскай меншасці ў Беларусі і заклікае ў гэтай сувязі да безумоўнага вызвалення Анжалікі Борыс, Анджэя Пачобута і іншых палітычных зняволеных”.
У дакуменце гаворыцца пра неабходнасць падтрымання і пашырэння кантактаў і супрацоўніцтва з прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сіл у Мінску і ў выгнанні, уключаючы Святлану Ціханоўскую і членаў Каардынацыйнай рады і Нацыянальнага антыкрызіснага кіравання. У сувязі з гэтым Еўрапарламент падтрымлівае прапанову запрасіць прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сіл на саміт „Вялікай сямёркі”, які пройдзе 11—13 чэрвеня, і на саміт Усходняга партнёрства, які павінен прайсці сёлета.
Еўрапарламент заклікае Савет ЕС як мага хутчэй пашырыць санкцыйныя спісы, уключыўшы ў іх фізічных асоб і юрыдычныя асобы, якія маюць дачыненне да інцыдэнту з самалётам Ryanair.
„Еўрапарламент настойліва заклікае Савет ЕС у тэрміновым парадку пачаць увядзенне чацвёртага пакета санкцый у дачыненні да фізічных і юрыдычных асоб, якія бралі ўдзел ці былі саўдзельнікамі фальсіфікацый на выбарах ці наступных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, уключаючы пераслед незалежных журналістаў і блогераў, і пачаць працу над наступным пакетам санкцый”, — гаворыцца ў рэзалюцыі. ЕП заклікае да „пакарання пракурораў, суддзяў і супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія ўдзельнічаюць у рэпрэсіях і неправамерным асуджэнні апанентаў рэжыму, а таксама тых, хто працуе на рэжым у сферы прапаганды, СМІ, дэзынфармацыі і распальвання нянавісці, уключаючы Марата Маркава, які браў інтэрв’ю ў Рамана Пратасевіча”.
Еўракамісію і дзяржавы — члены ЕС заклікаюць адмовіць у любой фінансавай падтрымцы беларускага рэжыму, уключаючы новыя крэдытныя лініі беларускім банкам, любыя інвестыцыі ў інфраструктурныя праекты або прадпрыемствы, а таксама зрабіць захады для прадухілення набыцця еўрапейскімі фінансавымі ўстановамі аблiгацый або любых іншых фінансавых інструментаў, выпушчаных беларускім урадам і афіляванымі дзяржаўнымі ўстановамі.
Еўрапарламент заклікае Савет ЕС хутка прыняць эканамічныя санкцыі, якія „павінны быць істотнымі і, наколькі гэта магчыма, мець неадкладнае ўздзеянне на беларускі рэжым, яго прыхільнікаў і эканамічныя суб’екты, якія падтрымліваюць рэжым”.
ЕП „заклікае да таго, каб гэтыя эканамічныя санкцыі былі нацэленыя на дзяржаўныя і прыватныя кампаніі, кантраляваныя рэжымам або цесна звязаныя з дзелавымі інтарэсамі рэжыму ці вядомыя звальненнем сваіх супрацоўнікаў за ўдзел у забастоўках або пратэстах”, „заклікае да сектаральных санкцый, нацэленых, у прыватнасці, на нафтахімічную, калійную, сталеліцейную і дрэваапрацоўчую прамысловасць”.
Сярод іншых прапаноў Еўрапарламента — спыніць супрацоўніцтва і фінансаванне беларускіх дзяржаўных банкаў, абмежаваць крэдытныя лініі міжнародных банкаў для даччыных банкаў у Беларусі, разгледзець пытанне аб прыпыненні ўдзелу Беларусі ў сістэме SWIFT.
Акрамя таго, еўрадэпутаты лічаць неабходным прыпыніць членства Беларусі ў міжнародных спартыўных арганізацыях і абмежаваць доступ беларускай нацыянальнай зборнай да ўдзелу ў міжнародных спаборніцтвах, у тым ліку ў Алімпійскіх гульнях у Токіа, а таксама забраць у Белтэлерадыёкампаніі правы на трансляцыю матчаў чэмпіянату Еўропы па футболе і бязвыплатна перадаць гэтыя правы тэлеканалу „Белсат”.
У рэзалюцыі таксама гаворыцца пра неабходнасць прыпынення супрацоўніцтва еўрапейскіх кампаній, у прыватнасці Siemens, з беларускімі партнёрамі, і перадачы тэхналогій. Еўрадэпутаты заклікаюць ЕС да скаардынаваных дзеянняў па кампенсацыі страт краінам, якія пацерпяць ад санкцый з боку Беларусі.
У рэзалюцыі ўтрымліваецца заклік да дзяржаваў-членаў і інстытутаў ЕС актывізаваць намаганні па барацьбе з кантрабандай цыгарэт з Беларусі ў Еўрасаюз, а таксама выслаць дзейных на тэрыторыі ЕС супрацоўнікаў беларускіх спецслужбаў і абмежаваць доступ у Еўрапарламент супрацоўнікам беларускага пасольства ў Бруселі.
Еўрапарламент заклікае Еўракамісію, Еўрапейскую службу знешніх дзеянняў сумесна з міжнароднымі партнёрамі арганізаваць міжнародную канферэнцыю высокага ўзроўню „Будучыня дэмакратычнай Беларусі”, прысвечаную „ўрэгуляванню крызісу ў Беларусі, расследаванню і судоваму пераследу злачынстваў беларускіх уладаў супраць народа” і дэмакратычным пераўтварэнням краіны.
Еўрапарламент таксама заклікае Інтэрпол старанна аналізаваць запыты ад Беларусі і прыняць усе належныя меры для прадухілення таго, каб беларускія ўлады выкарыстоўвалі гэтую арганізацыю з палітычнымі мэтамі.
© PATRICK HERTZOG /AFP